Лукашэнка патрабуе „лічыць кожную капейку” пры планаванні бюджэту



У бюджэт павінны закладвацца толькі неабходныя расходы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 снежня падчас дакладу аб канчатковых варыянтах праектаў Падатковага кодэкса і закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2019 год.

„Прычына нашай сённяшняй невялікай нарады заключаецца ў тым, што пасля разгляду планаў нашай працы і праекта бюджэту на наступны год я даручыў, каб вы са сваімі спецыялістамі яшчэ раз звярнуліся да праекта бюджэту. І папрасіў, каб ніякіх люфтаў і зазораў у праекце бюджэту не было, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Ніякага марнатраўства дзяржаўных сродкаў у наступным годзе дапусціць мы не можам. І не толькі ў будучыні. Мы павінны лічыць кожную капейку”.

„Я з практыкі ведаю, што ёсць жаданне ва ўрада, міністраў, яшчэ каго-небудзь, хто залежыць ад бюджэту, мець нейкія рэзервы, заначкі на ўсялякі выпадак для чагосьці. Гэта катэгарычна непрымальна”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён даручыў кіраўніцтву Камітэта дзяржкантролю звярнуць асаблівую ўвагу на гэтае пытанне пры выкананні бюджэту 2019 года. „Ніякіх закупак аўтамабіляў, акрамя цэнтралізаваных, — распарадзіўся Лукашэнка. — І ў нас свая аўтамабільная вытворчасць. Я прашу гэта мець на ўвазе. Ніякіх выдаткаў на рознага кшталту непатрэбныя паездкі, раз’езды і камандзіроўкі. Трэба з гэтым заканчваць. Хопіць ездзіць па канферэнцыях. У нас практычна ў кожнай дзяржаве, дзе праходзяць гэтыя канферэнцыі, ёсць пасольствы. Арыентуйце іх, і няхай яны гэтым займаюцца”.

Паводле слоў Лукашэнкі, наведваць мерапрыемствы за мяжой трэба толькі ў тым выпадку, калі гэта прынясе фінансавую выгаду дзяржаве ці будзе спрыяць пазітыўнаму фармаванню іміджу краіны. „Каб быў вынік. Вы разумееце, пра што гаворка, гэта тычыцца ўсіх. Таму я і даручыў паглядзець яшчэ раз план бюджэту на 2019 год, каб не было ніякіх празмернасцяў”, — дадаў ён.

„Ведаю, што дэпутаты вывучылі праект бюджэту і чакаюць магчымых карэкціровак ад прэзідэнта. Будуць яны ці не, паводле вынікаў нарады мы вызначымся. Але сёння бюджэт трэба прыняць, каб мы маглі накіраваць гэты план на месцы. Каб маглі азнаёміцца тыя, хто будзе займацца бюджэтным планаваннем на месцах”, — рэзюмаваў Лукашэнка.

belapan.by