Лукашэнка патрабуе знайсці нафту і газ
Прымаючы з дакладам новага міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуту, прызначанага на гэтую пасаду 25 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка сказаў пра сур`ёзныя недапрацоўкі ў галіне разведкі карысных выкапняў і запатрабаваў больш актыўнай працы ў гэтым кірунку.
„Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб`ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — На падобных тэрыторыях у Расіі і іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных металаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасці любой эканомікі любой дзяржавы”.
Лукашэнка паведаміў, што сёлета пройдзе нарада з яго ўдзелам, прысвечаная тэме запасаў карысных выкапняў у Беларусі, выяўленых і разведаных запасаў, а таксама перспектывам іх разведкі.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад міністра, які з`яўляецца геолагам па адукацыі, кандыдатам геолага-мінералагічных навук, „пакласці на стол” план дзеянняў па сур`ёзным вывучэнні нетраў Беларусі, і папярэдзіў, што гэтыя пытанні будуць знаходзіцца пад яго асабістым кантролем.
Акрамя таго, Лукашэнка лічыць важным улічваць вопыт замежных краін і больш актыўна наладжваць супрацоўніцтва з імі па разведцы карысных выкапняў. „Ёсць шмат дзяржаў, якія маюць велізарныя багацці сваіх нетраў і кіраўнікі якіх прапануюць нам супрацоўнічаць, — Венесуэла, Зімбабвэ і іншыя лацінаамерыканскія і афрыканскія краіны, — сказаў ён. — Трэба самым сур`ёзным чынам разам з зацікаўленымі прапрацаваць гэтыя пытанні, у тым ліку паглядзець, на якіх умовах супрацоўнічаць і што мы ад гэтага будзем мець”.
Гэта „не прахадныя мерапрыемствы”, а „пытанні будучага дабрабыту нашых людзей, недалёкай будучыні і далёкай будучыні нашых дзяцей”, падкрэсліў Лукашэнка.
Ён заўважыў, што тэма разведкі карысных выкапняў ўзнімалася ім і раней, але папярэдні склад урада на чале з Міхаілам Мясніковічам не дамогся поспеху ў гэтым кірунку.
Нагадаем, выступаючы са штогадовым пасланнем да народа і парламента ў красавіку 2011 года, Лукашэнка заявіў: „Калі шчыра сказаць, то я падазраю, што мы не тое што мала ведаем аб тым, што ў нас ёсць там, хоць і сёе-тое ведаем, я падазраю, што мы не вельмі варушымся, каб паглядзець, што ў нас там ёсць. Мне здаецца, што ўсё ж нафта ў нас дзесьці ёсць. Але калі ёсць нафта, мне здаецца, не можа быць, каб дзесьці не прарвала прыродным газам. Я спадзяюся”.
[youtube id=”mQIC-_HAqUw”]