Лукашэнка павіншаваў Пуціна з Днём Расеі
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна і народ гэтай краіны з Днём Расеі.
„Гэтае свята азначае сабой пачатак важнага этапу ў найноўшай гісторыі Расейскай Федэрацыі — умацавання суверэнітэту і забеспячэння нацыянальнага адзінства. Цвёрда трымаючыся абранага курсу, за мінулыя дзесяцігоддзі Расея дамаглася ўражальных поспехаў у дзяржаўным будаўніцтве і мадэрнізацыі эканомікі, значна ўзмацніліся лідзіруючыя пазіцыі краіны на сусветнай арэне”, — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што „прыхільнасць расейцаў ідэалам патрыятызму і згуртаванасці, гонар за вялікія дасягненні свайго народа і стойкая перакананасць у паспяховай будучыні Радзімы з’яўляюцца залогам устойлівага развіцця грамадства і яго дабрабыту”.
„Упэўнены, што наша сумесная праца па паглыбленні двухбаковых адносін і інтэграцыйнага ўзаемадзеяння будзе спрыяць захаванню і прымнажэнню багатых традыцый беларуска-расійскай дружбы”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама накіраваў віншаванні старшыні ўрада Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву, старшыні Савета Федэрацыі Валянціне Мацвіенцы, старшыні Дзяржаўнай думы Вячаславу Валодзіну.