Лукашэнка павіншаваў Пуціна з Новым годам і Раством
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з Новым годам і Раством.
„У надыходзячым годзе мы адзначаем знамянальную дату — дваццацігоддзе з дня падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь і Расейская Федэрацыя прайшлі няпросты шлях, але сёння з упэўненасцю можна казаць аб тым, што саюз двух народаў адбыўся”, — цытуе Лукашэнку яго прэс- служба.
Беларускі кіраўнік выказаў перакананне, што „далейшая карпатлівая праца па захаванні нацыянальных інтарэсаў дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы, заснаваная на глыбокім даверы і павазе, надасць сур’ёзны імпульс развіццю ўсяго спектра двухбаковых адносін”.
„Воля беларусаў і расіян да яднання, як і раней, будзе служыць трывалай падставай для інтэграцыйнага будаўніцтва, шматпланавага супрацоўніцтва і фарміравання агульнай найноўшай гісторыі”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Раней Пуцін у навагоднім віншаванні Лукашэнку, як паведаміла прэс-служба Крамля, „выказаў перакананасць, што далейшае ўмацаванне адносін стратэгічнага партнёрства паміж Расеяй і Беларуссю ў поўнай меры адпавядае інтарэсам братніх народаў дзвюх краін”.
„Абапіраючыся на добрыя традыцыі дружбы і добрасуседства, расійска-беларускае супрацоўніцтва плённа развіваецца ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах, працягваецца работа па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы, цесная каардынацыя намаганняў у рамках ЕўрАЗэС, СНД і АДКБ”, — гаворыцца ў віншаванні Пуціна яго беларускаму калегу.