Лукашэнка павіншаваў Такаева



Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Касым-Жамарта Такаева з уступленнем на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Казахстан.

„У Беларусі вы вядомы як мудры дзяржаўны дзеяч, які даўно заслужыў павагу казахстанскага народа. У ходзе нашай нядаўняй сустрэчы ў Менску вамі была пацверджана гатоўнасць да далейшага ўмацавання ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі”, — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што беларуска-казахстанскае ўсебаковае плённае супрацоўніцтва будзе і надалей развівацца ў духу стратэгічнага партнёрства і даверу.

Лукашэнка пажадаў Касым-Жамарту Такаеву „добрага здароўя, дабрабыту і новых стваральных дасягненняў на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе”.

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў 19 сакавіка выступіў у эфіры рэспубліканскіх тэлеканалаў і заявіў аб складанні з сябе паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. На астатні тэрмін паўнамоцтвы прэзідэнта Казахстана пераходзяць да старшыні сената Касым-Жамарта Такаева з моманту прынясення ім прысягі, што ён зрабіў 20 сакавіка.

Такаеў стаў другім прэзідэнтам Казахстана пасля таго, як Назарбаеў, які кіраваў краінай амаль 30 гадоў, падаў у адстаўку.

Лукашэнка сустракаўся з Такаевым у Менску 1 лістапада 2018 года, калі ён прыязджаў у беларускую сталіцу на сустрэчу Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

belapan.by