Лукашэнка павіншаваў Зяленскага з Днём незалежнасці Украіны
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з Днём незалежнасці.
„Цесныя сувязі паміж нашымі краінамі заўсёды будаваліся на ўзаемнай павазе і добразычлівасці, даверы і падтрымцы. Сёння беларускі і ўкраінскі народы аб’ядноўваюць братэрскія адносіны, духоўныя карані, імкненне жыць у згодзе, шматлікія сумесныя праекты”, — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што яго сустрэча з украінскім лідарам на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню стратэгічнага партнёрства, адкрые новыя магчымасці практычнага міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў розных галінах.
31 ліпеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Зяленскім. Тады беларускі кіраўнік павіншаваў ўкраінскага калегу з паспяховым правядзеннем палітычных кампаній, пажадаў поспехаў у фармаванні органаў улады і ў далейшай працы.
Зяленскі зноў пацвердзіў запрашэнне, скіраванае раней на адрас кіраўніка беларускай дзяржавы, наведаць Украіну ў рамках II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які адбудзецца ў кастрычніку гэтага года ў Жытоміры. Лукашэнка запрашэнне прыняў, адзначыўшы, што „як ініцыятар і суаўтар гэтага мерапрыемства бачыць яго высокую эфектыўнасць і карысць для эканомік абедзвюх краін”.
23 жніўня Лукашэнка падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам абмеркаваў беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва. „У нас, здаецца, і з Украінай зараз нядрэнныя адносіны. Мы размаўлялі з прэзідэнтам (Уладзімірам Зяленскім). Яны прасілі нейкай падтрымкі. Як мы, аказваем — не аказваем?” — пацікавіўся беларускі кіраўнік.
belapan.by