Лукашэнка перадаў Назарбаеву копіі дакументаў з архіва КДБ
Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з візітам у Казахстане, 8 чэрвеня перадаў прэзідэнту Нурсултану Назарбаеву копіі архіўных дакументаў, выяўленых органамі дзяржбяспекі Беларусі ў адносінах да жанчын, асуджаных у БССР у канцы 1930-х гадоў па палітычных матывах і этапаваных у лагер на тэрыторыі Казахстана.
Дакументы прызначаныя для Музейна-мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр палітычных рэпрэсіяў і таталітарызму, які размешчаны на месцы найбуйнейшага савецкага жаночага лагера — Акмалінскага спецаддзялення Карлага НКВД СССР, вядомага як Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы (Алжыр), паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Як растлумачылі ў КДБ Беларусі, супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі на пастаяннай аснове вядзецца праца па навуковай распрацоўцы архіўных дакументаў. „Падчас карпатлівай работы выяўлены і вывучаны матэрыялы архіўных крымінальных спраў у дачыненні да 63 жанчын — жонак рэпрэсаваных у 1937 годзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Асуджаныя па палітычных матывах жанчыны былі этапаваныя ў лагер Алжыр з БССР”, — адзначылі ў ведамстве.
У прыватнасці, у лагер этапавалі жонку рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага Яніну Германовіч. Тут жа першыя гады жыцця правяла яе дачка Мая Кляшторная.
Падкрэсліваецца, што „названыя матэрыялы ўнікальныя і ўяўляюць сабой не толькі навуковую і гістарычную каштоўнасць, але і з`яўляюцца часткай гісторыі канкрэтнага чалавека, сям`і”. „Такім чынам, з`яўляецца магчымасць дапамагчы сваякам, якія пацярпелі ў гады масавых палітычных рэпрэсій, аднавіць асобныя старонкі гісторыі сваёй сям`і”, — лічаць у КДБ.
Комплекс памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму адкрыты ў 2007 годзе па ініцыятыве Назарбаева.
belapan.by