Лукашэнка плануе палепшыць стасункі з Латвіяй
Стасункі паміж Беларуссю і Латвіяй можна значна палепшыць. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўніком урада балтыйскай дзяржавы Марысам Кучынскісам.
Лукашэнка прызнаўся, што яму прыемна бачыць латвійскага прэм’ера ў Менску. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што бакі не выкарыстоўваюць шмат магчымасцяў для паляпшэння ўзроўню супрацы, таму Лукашэнка назваў візіт Кучынскіса «вельмі жаданым і знакавым».
Латвія традыцыйна ўваходзіць у дзясятку найважнейшых гандлёвых партнёраў і інвестараў Беларусі, з’яўляецца найбуйнейшым транзітным калідорам для беларускага экспарту ў трэція краіны.
Па дадзеных Белстата, таваразварот паміж Беларуссю і Латвіяй па выніках 11 месяцаў 2017 года склаў амаль 398 мільёнаў даляраў, што на 27% больш, чым за аналагічны перыяд 2016 года. У Беларусі працуюць 944 арганізацыі, створаныя юрыдычнымі і фізічнымі асобамі Латвіі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота sb.by