Лукашэнка плануе ў красавіку наведаць Турцыю з афіцыйным візітам
Аляксандр Лукашэнка ў красавіку плануе зрабіць афіцыйны візіт у Турцыю. Пра гэта ён паведаміў 18 сакавіка на сустрэчы з паслом Турцыі ў Беларусі Кезбан Нілванай Дарамай, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.
„Прычына нашай сустрэчы не толькі ў маёй глыбокай павазе да вашай краіны, да вас як да добрага прадстаўніка Турцыі ў Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — Ёсць і практычны бок справы: у сярэдзіне красавіка, вы ведаеце, у нас афіцыйны візіт на вышэйшым узроўні ў Турцыю і сустрэча з вашым прэзідэнтам. Таму ёсць цэлы шэраг абставінаў, якія падштурхоўваюць нас да гэтай гутаркі”.
У найбліжэйшы час павінна адбыцца пасяджэнне беларуска-турэцкай міжурадавай камісіі. Лукашэнка разлічвае, што яно дасць добрыя вынікі напярэдадні яго перамоў з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Першым крокам у падрыхтоўцы свайго візіту Лукашэнка назваў сённяшнюю сустрэчу з паслом.
„Таму давайце абмяркуем нашы пытанні з пункту гледжання тых праблем, якія існуюць, — сказаў ён. — Усё добрае відаць, пра яго прыемна гаварыць. Тым не менш заўсёды ёсць жа і праблемы, якія трэба вырашаць. У адваротным выпадку не трэба было б сустракацца , весці перамовы, калі ўсё добра. Мы павінны вырашаць праблемныя пытанні. І я б хацеў, каб мы адкрыта абмеркавалі тыя праблемныя пытанні, якія, як вы лічыце, трэба вырашыць сёння, заўтра і ў доўгатэрміновай перспектыве”.
У сваю чаргу пасол Турцыі адзначыла, што ў яе ёсць некалькі пытанняў, якія б яна хацела абмеркаваць з беларускім кіраўніком. „Мы не бачым праблем у адносінах паміж нашымі краінамі і лічым гэта нагодай для гонару”, — падкрэсліла Дарама.
Фота belta.by