Лукашэнка помсціць моладзі
Лукашэнка ўзяўся за адукацыю. Цяпер калі ты нават заплаціў за сваё навучанне, мусіш прымусова працаваць дзе скажуць. Аргумент такі – мала заплаціў, каб быць цалкам свабодным. Крытэр мала ці дастаткова – «на глазок».
Па ўсім відаць, што на схіле сваіх гадоў Лукашэнка вырашыў пагуляцца ў караля. Цяпер адкрытым тэкстам. «Мы ім далі адукацыю», маўляў, дзякуючы нам яны наогул хоць штосьці маюць. Прыблізна так пазіцыянуе сябе Лукашэнка адносна моладзі. Бо «мы» гэта ён сам – узурпатар улады.
Лукашэнка хоць і мае фармальныя дзве вышэйшыя адукацыі, сярод іншага праславіўся такімі фразамі як «таварыш Сапега», «Скарына ў Піцеры» і «вершы Быкава».
Малаадукаваны, кепска выхаваны сацыяпат з маніяй велічы, які сядзіць на наркатычнай ігле ўлады, ды пры гэтым у адным кроку ад прызнання сябе міжнародным злачынцам. Вось гэты чалавек раптам вырашае заняцца выхаваннем моладзі. А дакладней – помстай.
Колькі грошай было ўвалена ў БРСМ за дваццаць з лішкам гадоў! А моладзь у 2020 годзе сталася рухавіком першых трох дзён пратэстаў, якія неўзабаве выліліся ў агульнаграмадзянскую рэвалюцыю.
Натуральна, што Лукашэнку будучыня бачыцца прыблізна ў руках тых людзей, што і цяперашняга яго атачаюць. І Лукашэнка хоча выгадаваць для іх паслухмяных, без глуздоў, але рабацяшчых, падначаленых. А хто не хоча падпарадкавацца – хай з’язджае.
Адпрацоўка пасля ВНУ, калі ты заплаціў за адукацыю па афіцыйна ўсталяваных расцэнках, падштурхне шмат каго з бацькоў шукаць адукацыю для дзяцей за мяжой.
Пры гэтым Лукашэнка разважае і пра школьнікаў, маўляў, мусяць трэніравацца працаваць рукамі, вось з рамонту школы хай і пачынаюць – за свае грошы.
Як выказаўся ўдзельнік праекту Reform.by Аляксандр Атрошчанкаў, Лукашэнка ўвёў новы сацыяльны кантракт па прынцыпе «бяры, што даюць, плаці колькі скажуць».
Лукашэнка справядліва рэгулярна згадвае 2020 год. Фактуры па рэвалюцыйных падзеях так шмат, што іх яшчэ асэнсоўваць і асэнсоўваць.
Толькі вось жа які аспект – Лукашэнка пачынае свае ўспаміны, чытай – страхі, агучваць ад лета 2020 году, а варта было пачынаць з вясны – з разгару ковіду.
За мяжой падчас ковіду людзі сядзелі па дамах, і ім практычна не магчыма ўявіць, што ў Беларусі не толькі не было карантыну, але кіраўнік краіны падбухторваў грамадзян не звяртаць увагу на пандэмію.
Але ж менавіта названая акалічнасць згуляла супраць Лукашэнкі на максімальнай моцы. Бацькі не пусцілі дзяцей у школы, і Лукашэнка нічога не змог зрабіць. Так было два разы, і дыктатар згубіў лаяльную сабе аўдыторыю. Што урэшце згуляла вырашальную ролю ў правале Лукашэнкі на выбарах.
Выглядае, што сёння Лукашэнка з разбегу скоча на старыя граблі.
Севярын Квяікоўскі, Беларускае Радыё Рацыя