Лукашэнка: Пра аб’яднанне Беларусі з Расеяй гаворкі няма



Размовы пра аб’яднанне Беларусі з Расеяй „дурныя і прыцягнутыя за вушы”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на нарадзе пра сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў 2019 годзе і падыходы да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў.

„Занадта шмат сёння (я аналізую сітуацыю ў нашым грамадстве, ды і ў расейцаў) ідзе размоў пра аб’яднанне дзвюх дзяржаў. Шмат цяпер з’явілася пытанняў, у сувязі з царквой ва Украіне, пра аўтакефалію нашай царквы ў Беларусі. Я называю гэтыя пытанні вельмі неразумнымі, прыцягнутымі за вушы для абмеркавання ў нашым грамадстве”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гаворкі пра аб’яднанне дзвюх дзяржаў быць не можа. „Мы з прэзідэнтам Расеі адназначна вызначылі, што сёння на парадку дня такога пытання няма — пра аб’яднанне”, — сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Расея ў свой час падпісалі дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і развівалі адносіны, „строга захоўваючы палажэнні гэтага дакумента”. „Мы павінны былі ў свой час прыняць канстытуцыйны акт, гэта значыць Канстытуцыю Саюзнай дзяржавы, і там усё павінна было быць прапісанае: і органы кіравання, і органы ўлады, і адзіная валюта, палітыка і гэтак далей. Расея адмовілася ў свой час ісці гэтым шляхам, — заўважыў Лукашэнка. — Я гэта нагадаў прэзідэнту Расеі, ён сказаў: „Так, гэтак і было”. Паўстае пытанне: што будзем рабіць з саюзным дагаворам? Трэба садзіцца за стол і глядзець, што мы разам можам сёння згодна з дагаворам вырашыць, на што мы разам можам без усякага націску пайсці”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, саюз Беларусі і Расеі можа развівацца толькі на раўнапраўнай аснове. „І гэта не таму, што Лукашэнка так хоча, як гэта падаецца ў Расеі. А таму, што гэта фундаментальныя прынцыпы пабудовы любога саюза. Няма раўнапраўнай асновы — няма саюза. Усё павінна адбывацца на раўнапраўнай аснове, і на гэта павінна быць воля двух народаў — Расейскай Федэрацыі і Беларусі”, — падкрэсліў ён.

„Мы ўвесь час, фармуючы гэты саюз, павінны глядзець на меркаванне нашых людзей. Таму з-за многіх-многіх прычын, вы самі разумееце, пра аб’яднанне дзвюх дзяржаў гаворкі не ідзе”, — дадаў Лукашэнка.

На гэты крок, на яго думку, не можа пайсці і сама Расея, што яму пацвердзіў Уладзімір Пуцін. „Няма такой магчымасці ў Расеі, улічваючы наступствы ўсяго, на гэта пайсці. Таму трэба супакоіцца і спыніць гэтыя размовы, што хтосьці кагосьці нахіліў або нахіляе. Тут ніхто нікога не нахіліць”, — падсумаваў Лукашэнка.

БелаПАН