Лукашэнка пра Курапаты: Якая розніца, хто там каго расстрэльваў?



Для Аляксандра Лукашэнкі не мае значэння, хто расстрэльваў людзей у Курапатах: супрацоўнікі НКУС ці гітлераўцы. Гэта вынікае з яго заявы на тэму мемарыялізацыі ўрочышча, якое прагучала 24 сакавіка падчас візіту ў Гарадзенскую вобласць і не цалкам увайшло ў афіцыйныя паведамленні (ніжэйзгаданы фрагмент быў паказаны па тэлеканале ОНТ).

„Гіганцкія могілкі. Ну чаго топчамся па касцях, і робім на гэтым палітыку? І я даручыў адпаведным органам, я кажу, трэба гэта спыніць. Людзі загінулі там? Загінулі. Адны лічаць, што Сталін там расстрэльваў, іншыя кажуць, што і фашысты там людзей расстрэльвалі. Я мяркую: якая розніца, хто там каго расстрэльваў? Трэба зрабіць галоўнае: трэба ўвекавечыць гэтых людзей, якія ну бязвінна забітыя там, якія загінулі”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён даручыў стварыць „акуратны, не гіганцкі нейкі, не Берасцейскую крэпасць, акуратны мемарыял”. „Цяпер ідзе і конкурс, даследаванні, і мы зробім гэты мемарыял, як на могілках звычайна нешта, можа, накшталт каплічкі невялікай або яшчэ чагосьці там, каб чалавек мог прыйсці, калі яму ёсць жаданне, і раз і назаўжды скончыць вось з гэтай цягамоцінай”, — сказаў афіцыйны лідар.

„Ніякіх работ там не вялося і весціся не можа”, — падкрэсліў Лукашэнка і прызнаў: „Гэта ўжо вось я неяк прагледзеў, я не ўбачыў вастрыню гэтага пытання”. „Зусім у іншым месцы, у іншым месцы бізнесмену адвялі кавалак зямлі. Вось проста да мяне ў свой час не дайшло. Ён адмовіўся ад гэтай зямлі. Зусім па іншы бок дарогі. Гэта ніякага дачынення да Курапатаў не мела. Ну гэта палітычна пачынаюць раскручваць. Я ніколі не дазволіў бы, тым больш кожны раз езджу на працу міма гэтых Курапатаў і ніколі не дазволіў бы там чагосьці будаваць, на гэтых землях. Таму мемарыял там будзе. Гэта будзе агульнае месца пакланення людзям, якія загінулі”, — зазначыў ён.

Актывістка ініцыятывы „У абарону Курапатаў” Ганна Шапуцька заявіла, што „нічога добрага наконт гэтых заяў не думае”. На яе думку, перш чым што-небудзь рабіць у Курапатах, трэба „раіцца з грамадскасцю, з людзьмі, якія ўвесь час апекавалі гэтае месца”.

„Мемарыял у Курапатах павінен быць агульным рашэннем народа, — сказала яна. — Лукашэнка, на мой погляд, наогул не мае права там з’яўляцца, асабліва пасля апошніх выпадкаў рэпрэсій. Што да конкурсу, то апошні час ён дэманструе ноу-хау, напрыклад спачатку заяўляе, што ў краіне ёсць баевікі, і толькі потым іх пачынаюць шукаць. Зараз ён заяўляе аб правядзенні конкурсу, значыць, конкурс толькі цяпер стануць сутаргава арганізоўваць”.

Рашэнне аб стварэнні мемарыяла ў Курапатах было афіцыйна прынятае яшчэ ў 1993 годзе, аднак ён там так і не з’явіўся.

Падрыхтоўчыя работы па ўзвядзенні пяціпавярховага бізнес-цэнтра на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Менскай кальцавой аўтадарогі каля Курапат пачаліся 16 лютага. Аб’ект планавалася здаць да канца лютага 2018 года. Прадстаўнікі грамадскасці і мясцовыя жыхары выступілі супраць будаўніцтва, лічачы яго незаконным. Паводле іх інфармацыі, участак пад бізнес-цэнтр быў прададзены на аўкцыёне тады, калі гэтая зямля яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону Курапат. Акрамя таго, узвядзенне аб’екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацверджаны праект дэталёвага планавання гэтай тэрыторыі, адзначалі праціўнікі будоўлі.

20 лютага некалькі актывістаў моладзевай арганізацыі „Малады фронт” (не зарэгістраваная ў Беларусі) усталявалі на тэрыторыі будоўлі палатку і арганізавалі кругласутачнае дзяжурства. Да 27 лютага, калі будаўніцтва было прыпыненае, паміж пратэстоўцамі і будаўнікамі, а таксама невядомымі асобамі адбылося некалькі сур’ёзных сутыкненняў.

1 сакавіка канфліктная сітуацыя абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці са старшынёй Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам. 2 сакавіка кіраўніцтва кампаніі „Белрэканструкцыя” абвясціла пра сваё рашэнне спыніць будаўніцтва бізнес-цэнтра.

3 сакавіка ў лагеры абаронцаў Курапат прайшоў мітынг, удзельнікі якога прынялі зварот да ўладаў з патрабаваннем забараніць любое будаўніцтва паблізу Курапат і аднавіць ахоўныя зоны ўрочышча, зацверджаныя ў 2003 годзе. 6 сакавіка лагер быў зняты.

25 сакавіка блізкая да ўладаў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі мае намер правесці ў Курапатах суботнік. Напярэдадні там было ссечана каля 20 дрэў.

belapan.by