Лукашэнка пра дэмаграфічную бяспеку



Новаму парламенту варта звярнуць асаблівую ўвагу на тэму дэмаграфічнай бяспекі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 снежня на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў.

Паводле яго слоў, цяпер у Беларусі „пажынаюць плады спаду нараджальнасці 1990-х гадоў, паколькі менавіта гэта малалікае пакаленне становіцца бацькамі”.

„Яшчэ адно адчувальнае пытанне — пагроза страты нашых традыцыйных каштоўнасцяў, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Ва ўмовах імкліва развіванага свету ў маладога пакалення на першы план выходзяць пытанні асобаснай самарэалізацыі ў шкоду імкненню стварыць сям’ю і працягнуць род”.

„Сям’я павінна стаць арыенцірам усёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Што б мы ні рабілі — будавалі жыллё, добраўпарадкоўвалі нашы гарады, развівалі адукацыю, медыцыну, спорт, — у якасці галоўнага спажыўца дабротаў і паслуг мы павінны бачыць дзяцей, сям’ю”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на „дзіўную метамарфозу”. У савецкія часы, заявіў Лукашэнка, дзецям прыходзілася працаваць — у адваротным выпадку іх прымушалі бацькі, цяпер жа ўсё адбываецца наадварот. „Нашы маладыя бацькі нагу за нагу, на канапу, тыкаюць у планшэты, часам глядзяць „скрыню”. Адкрываючы спартыўныя аб’екты пры школах, я прашу, каб дзеці цягнулі лянівых бацькоў на гэтыя спартыўныя аб’екты. І гэта не толькі знешняе патрабаванне, у гэтым вялікі сэнс — людзі хварэць менш будуць, менш у аптэкі будуць хадзіць і стаяць у чарзе, патрабуючы, каб лекі былі таннейшымі. На жаль, вось так пераварочваецца свет нават у дробязях”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, толькі прыняўшы гэтыя меры, можна захаваць беларускую самаідэнтычнасць і нацыю. „Законы, а таксама дзейнасць і асабісты прыклад людзей, якія сёння з’яўляюцца лідарамі думак, — прадстаўнікі ўлады, навуковай і творчай інтэлігенцыі — павінны працаваць на вырашэнне ўсіх жыццёва важных пытанняў. Мы павінны весці за сабой грамадства па ўсіх кірунках: ад спорту да эканомікі”, — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што заўсёды будзе ўдзячны людзям, якія паверылі ў выбраны дзяржавай курс. „Я заўсёды буду ўдзячны людзям, якія паверылі ў выбраны дзяржавай курс, сваёй добрасумленнай працай стварылі ўсё, што сёння мы называем дасягненнямі нашай найноўшай гісторыі. Самае каштоўнае — зрабілі гэта ў рэкордна кароткія па гістарычных мерках тэрміны. Мы захавалі і пераўтварылі лепшыя традыцыі беларускага народа. І на працягу чвэрці стагоддзя дэманстравалі прыхільнасць нацыянальным інтарэсам і галоўным мэтам дзяржаўнага развіцця”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by