Лукашэнка пра патэнцыйных кандыдатаў: Краіну яны не атрымаюць



Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 4 чэрвеня рэзка раскрытыкаваў асобных патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і заявіў, што „краіну яны не атрымаюць”.

„У мяне складваецца ўражанне, што яны сапраўды прыйшлі і за нечыя грошы, а вы бачыце, за чые грошы, хочуць перавярнуць краіну, дэстабілізаваць абстаноўку”, — сказаў Лукашэнка, фрагмент выступу якога апублікаваў тэлеграм-канал „Пул першага”.

„Дык вось, не буду на гэты конт доўга казаць. Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць! Мы яе два з лішнім дзясяткі гадоў, збіраючы драбкі, ствараючы вось гэтую росквітную краіну, рабілі не для таго, каб яны прыватызавалі яе і пусцілі па свеце гэтых небарак, якія заўсёды пад бізуном хадзілі. Мы ім не дазволім падзяліць Беларусь, як гэта было ў 39-м годзе. Успомніце — там былі свядомыя, незалежныя, ваявалі за незалежнасць. Пад Менскам мяжа была заходняя, усходняя частка знаходзілася, хай трохі, у Расейскай імперыі, а нам засталася палосачка — і мы ваявалі за незалежнасць. За якую незалежнасць? За гэтую палосачку змагаліся”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

„Нам дасталася краіна. Мы стварылі першую незалежную дзяржаву. Адносна яшчэ пакуль незалежную, суверэнную. І мы гэтую краіну нікому не аддамо! Каб з яе здзекаваліся, дэстабілізавалі кожны дзень, парвалі на кавалкі і камусьці аддалі. Я хачу, каб гэта ўсе пачулі. І каб вы — тыя, хто яшчэ там неяк варушыцца, бадзяецца і не разумее — запомнілі гэта. У гэтай краіне маё жыццё, і многіх з вас”, — заявіў Лукашэнка.

„Мы стварылі сваю краіну, дзе могуць жыць нашы дзеці. Сёння той момант, калі яе трэба адстаяць, абараніць. Вы бачыце, што нас на часткі разрываюць”, — прыводзіць таксама словы беларускага кіраўніка яго прэс-служба.

„Некаторыя думаюць: вось зараз з неба ўсё зваліцца. Глядзіце, каб у Сірыю не паехалі ваяваць і ў Лівію. І не дай бог за свае кавалкі зямлі прыйдзецца ваяваць, адстойваючы іх. Хачу звярнуць увагу некаторых беларусаў на гэта. Любыя рашэнні мы павінны прымаць тут, у інтарэсах беларускага народа, і ў нас ёсць усе магчымасці для гэтага”, — падкрэсліў Лукашэнка.

belapan.by