Лукашэнка пра „цукровую справу”: Такога ў Беларусі яшчэ не было



Падчас паездкі ў Добруш Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў так званую „цукровую справу”, паведамляе тэлеграм-канал „Пул Першага”.

У канцы студзеня ў СМІ з’явілася неафіцыйная інфармацыя аб затрыманні дырэктараў усіх чатырох цукровых заводаў і кіраўніка Беларускай цукровай кампаніі. Ні адно з сілавых ведамстваў да гэтага часу не пракаментавала сітуацыю.

„Яны стварылі ў Маскве „пракладку” — гандлёвы дом, паставілі туды сваіх, — заявіў Лукашэнка. — З заводаў па дэмпінгавых цэнах прадавалі гандлёваму дому беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розніцу хабарамі аддавалі дырэктарам заводаў”. „Такога ў Беларусі яшчэ не было”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя дні пра падрабязнасці „цукровай справы” паведаміць КДБ. „Салодка дакладна не будзе”, — дадаў Лукашэнка.

ТАА „Беларуская цукровая кампанія” (БСК) працуе ў Маскве. Яе заснавальнікамі з’яўляюцца чатыры найбуйнейшыя цукровыя заводы — ААТ „Гарадзейскі цукровы камбінат”, ААТ „Скідальскі цукровы камбінат”, ААТ „Слуцкі цукрарафінадны камбінат” і ААТ „Жабінкаўскі цукровы завод”.

Як паведамляе афіцыйны сайт БСК, стратэгія кампаніі „дазваляе скарачаць рызыкі перанасычэння цукрам асобных рэгіёнаў, дастаўляючы прадукцыю да канчатковых спажыўцоў, тым самым скарачаючы колькасць пасрэднікаў”.

„Беларуская цукровая кампанія супрацоўнічае з многімі найбуйнейшымі дылерамі і трэйдарамі на расійскім рынку, што дазваляе ахопліваць шырокі круг спажыўцоў. Цяпер мы паспяхова супрацоўнічаем больш чым з 40 буйнымі кампаніямі ў многіх рэгіёнах Расіі”, — адзначаецца на сайце кампаніі.

belapan.by

Фота belta.by