Лукашэнка пра змену ўрада: Чакаць рэвалюцыі не варта
Маштабных змен ва ўрадзе не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас абмеркавання кандыдатур у новы склад 3 чэрвеня на нарадзе ў Менску.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што змены ва ўрадзе пачаліся яшчэ паўгода таму, калі „прыйшлі новыя міністры, а ранейшыя былі замененыя або паводле іх уласнага жадання ў сувязі з пераводам на новую працу, або, у рэдкіх выпадках, за незабеспячэнне адпаведнага ўчастка працы”. „Проста па хваробе, іншых прычынах людзі сыходзілі на менш аб’ёмную працу. І паўгода мы фармавалі новы склад урада. Таму чакаць, што тут рэвалюцыя адбудзецца пры змене ўрада, не варта”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Афіцыйны лідар адзначыў, што маштабныя змены ў складзе ўрада непажаданыя яшчэ і з прычыны крызісных з’яў у сусветнай эканоміцы ва ўмовах пандэміі. „Гэта было б вельмі дрэнна. Таму што цяпер увесь свет уступіў у паласу небывалага эканамічнага крызісу, які ў любой дзяржаве пацягнуў сур’ёзныя змены адносін у грамадстве. Наступствы гэтага крызісу будуць вельмі сур’ёзныя. Таму рэзкі злом, замена ўсіх членаў урада была б няправільнай з пункта гледжання гэтага моманту. Ды і патрэбы такой няма. Вырасла новае пакаленне кіраўнікоў, якія сябе добра паказалі і працавалі нядрэнна ва ўрадзе. Навошта іх мяняць? Яны могуць працаваць”, — сказаў Лукашэнка.
„Тыя, хто сёння з такімі аб’ёмамі ў гэты крызісны перыяд не могуць справіцца, іх, вядома, трэба замяніць і накіраваць на іншую працу”, — дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы прывёў яшчэ адзін довад, чаму, на яго думку, нельга адкладаць абмеркаванне і прыняцце адпаведных рашэнняў. „Я ўжо сказаў: сусветны крызіс адбіваецца і на Беларусі. Добра, што мы так вывярнуліся, выкруціліся ў гэтай сітуацыі з пандэміяй, не спынілі вытворчасць. Калі б спыніліся, мы б ніколі не запусцілі гэтую вытворчасць. Гэта толькі ў казцы магло здарыцца”, — заўважыў ён.
Лукашэнка заявіў, што „ў гэты крызісны перыяд нельга страціць дынаміку, хай нават маленькую”. „І трэба больш актыўна працаваць, асабліва ў сферы эканомікі, для таго каб выйсці з мінімальнымі стратамі з гэтага нечаканага для ўсіх крызісу”, — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы папрасіў удзельнікаў нарады выказаць свой пункт гледжання як у цэлым па ўрадзе, так і па канкрэтных кандыдатурах.
Для абмеркавання гэтых пытанняў на нараду запрошаныя старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.
belapan.by
Фота БелТА