Лукашэнка: Праблем з падпісаннем пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расеяй не будзе
Праблем з падпісаннем пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расеяй не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 снежня на сустрэчы ў Менску з расейскімі журналістамі і блогерамі.
Планавалася, што пагадненне будзе падпісанае 13 снежня падчас пасяджэння саюзнага Саўміна ў Берасці, але гэтага не адбылося.
„Думаю, тут праблем не будзе, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Проста гэты дакумент пакуль не прайшоў унутрыдзяржаўныя працэдуры ў Беларусі”.
Паводле яго слоў, пагадненне аб узаемным прызнанні віз стала рэдкім выключэннем: на саюзным Саўміне яно абмяркоўвалася раней, чым лягло на стол прэзідэнту. Лукашэнка ўдакладніў, што пагадненне паступіла яму толькі напярэдадні вечарам.
МЗС ужо праінфармавала кіраўніка дзяржавы, што ў дакуменце ўлічаныя ўсе пажаданні і беларусаў, і расейцаў. „Калі так, то праблем не будзе”, — рэзюмаваў Лукашэнка.