Лукашэнка пракаментаваў развіццё сітуацыі з каронавірусам



Лукашэнка, даючы згоду на назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, заклікаў іх без панікі будаваць сваю працу ў сувязі з сітуацыяй з каронавірусам.

«Выклікаў вельмі шмат. Вы бачыце: свет звар’яцеў ад каронавіруса або, можа быць, на аснове гэтых усіх разваг па каронавірусу. Але для нас не гэта галоўнае і страшнае. Мы гэтыя вірусы перажывалі, перажывем і гэты. Былі і больш складаныя вірусы: і свіны, і птушыны, і атыповая пнеўманія. Потым ахкалі і войкалі, адкуль гэта зʼявілася: вось, бачыце, сродкі масавай інфармацыі вінаватыя, што яны занадта шырока і не так асвятлялі праблемы. Напэўна, і ў гэты раз сродкі масавай інфармацыі абвінавацяць праз месяц-другі. Хоць і да іх прэтэнзій нямала», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у Беларусі адэкватна рэагуюць на пагрозы. Медыкі ўжо даўно прымаюць кропкавыя меры, і самі беларусы ў цэлым адэкватна рэагуюць на сітуацыю, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «Беларусы проста малайцы. За выключэннем аднаго выпадку: не бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спецвопратку ці нейкія лекі», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пасля таго, як у краіне рэзка вырас попыт на медыцынскія маскі, айчынныя прадпрыемствы былі арыентаваны на павелічэнне абʼёмаў іх вытворчасці. Як расказаў Лукашэнка, учора пра сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі, яму дакладваў прэмʼер-міністр. Аказалася, што цяпер няма куды падзець выпушчаную прадукцыю. «Пашылі – падзець няма куды. Легпрам патрабуе: аплаціце нам. А ахова здароўя кажа: нам столькі не трэба, нам няма куды падзець. Праўда, я яму сказаў, што трэба разгортвацца: у Германіі не хапае спецадзення, масак. Трэба прадаць іх, калі на іх ёсць попыт», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, акрамя Менску і буйных гарадоў, сітуацыя з каронавірусам не такая праблема для раёнаў і раённых цэнтраў. «Самая вялікая для нас (не праблема, а адказнасць) – гэта эканоміка. На жаль, усе гэтыя рухі ў кірунку каронавірусу вельмі рэзка адбіліся на эканоміцы. Дайшло да таго, што наша родная Расея – падкрэсліваю – закрыла мяжу з Беларуссю», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён канстатаваў, што ў Беларусі адносна спакойнае становішча, а «Расея ўся палае ад каронавіруса». «Дык хто ад каго павінен закрывацца. Пытанне рытарычнае», – дадаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў мясцовыя органы ўлады без усялякай панікі працаваць з людзьмі, нагадваючы ім пра меры засцярогі.

БелТА