Лукашэнка прапанаваў аддаць частку Расеі Казахстану



Калі Расея далучыла Крым, то павінна тады аддаць землі, якія некалі належалі Казахстану. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю казахскаму каналу “1612”. Паводле беларускага лідара, у сённяшнім свеце нельга перакройваць межы дзяржаваў.

Беларускі палітолаг Алесь Лагвінец адзначае, што рыторыка Лукашэнкі вельмі часта залежыць ад аўдыторыі, на якую яна скіраваная.

– Ва ўкраінскім грамадстве некаторыя заявы Лукашэнкі выклікалі станоўчы водгук. Але трэба разумець, што з большага Лукашэнка проста піярыцца і карыстаецца тым, што падвышаная ўвага да нашага рэгіёну, да таго, што адбываецца ва Украіне. І ён кажа, з аднаго боку, рэчы, якія часам немагчыма спраўдзіць, а з іншага боку, ён кажа рэчы, якія ад яго хацелі б пачуць. І ён як вельмі цынічны, кан’юктурны палітык карыстаецца з магчымасці.

На хвалі далучэння Крыму да Расеі некаторыя расейскія палітыкі выказвалі прэтэнзіі на паўночныя вобласці Казахстану, заселеныя пераважна расейскамоўнымі жыхарамі. Гэтыя заявы выклікалі супраціў у Казахстане, кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў, некалькі тыдняў таму адзначыў, што калі Эўразэс будзе пагражаць незалежнасці Казахстану, Астана можа пакінуць расейскі інтэграцыйны праект.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БЕЛТА