Лукашэнка прапанаваў Эстоніі больш супрацоўнічаць у транспартнай сферы
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Эстоніі Керсці Кальюлайд з нацыянальным святам – Днём незалежнасці.
«Нашы краіны аб’ядноўвае багатая сумесная гісторыя, разнастайныя гаспадарчыя і чалавечыя сувязі, імкненне да пабудовы ўласнай незалежнай дзяржавы, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. – Станоўчая дынаміка двухбаковага дыялогу ў апошнія гады адлюстроўвае ўзаемную зацікаўленасць у далейшым паглыбленні адносін у гандлёвай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай галінах».
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў эстонскай калезе «больш эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял супрацоўніцтва ў транспартнай і лагістычнай сферах, банкаўскім сектары і турызме».
Лукашэнка пажадаў Кальюлайд «моцнага здароўя і поспехаў у дзяржаўнай дзейнасці, а дружалюбнаму народу Эстоніі – міру і дабрабыту».
Паводле звестак Белстата, у 2019 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Эстоніяй склаў 139 млн 877,9 тыс. долараў, што на 21,6% менш, чым у 2018 годзе, у тым ліку экспарт – 107 млн 635,7 тыс. (-25,1%), імпарт – 32 млн 242,2 тыс. (-6,9%). Станоўчае сальда склала 75 млн 393,5 тыс. долараў ЗША.