Лукашэнка прапанаваў Японіі ажыццявіць некалькі сумесных праектаў



Аляксандр Лукашэнка выступае за павышэнне ўзроўню адносінаў Беларусі з Японіяй, асабліва ў інвестыцыйнай сферы. Пра гэта ён заявіў 30 чэрвеня на сустрэчы з міністрам па пытаннях аднаўлення Японіі, міністрам па каардынацыі комплекснай палітыкі па пераадоленні наступстваў аварыі на АЭС у Фукусіме Хіраміці Ватанабэ.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі рады візіту высокапастаўленага члена ўрада Японіі. „Гэта звязана з тым, што пара б нам ужо наладжваць добрыя, цёплыя, сяброўскія адносіны паміж Беларуссю і Японіяй”, — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што сур`ёзна цікавіцца развіццём Японіі і грамадства гэтай краіны. „Радуемся за вашыя поспехі, перажываем, калі ў вас ёсць нейкія праблемы. Ваша краіна вельмі развітая, высокатэхналагічная. І ў гэтым я ў свой час пераканаўся асабіста. Гэта было 20 гадоў таму”, — адзначыў ён.

„У нас прынятае рашэнне аб тым, што, нягледзячы на геаграфічную адлегласць, мы з Японіяй павінны мець, асабліва ў сферы інвестыцыйнага супрацоўніцтва, вельмі цесныя адносіны. Калі ўрад Японіі гатовы на гэта, то мы зробім гэта вельмі хутка, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ў вашай дзяржавы ёсць цікавасць у гэтай частцы планеты — у Еўропе, вы можаце выкарыстоўваць Беларусь для рэалізацыі гэтых інтарэсаў”.

Лукашэнка лічыць, што было б карысным пачаць з некалькіх сумесных інвестыцыйных праектаў у Беларусі для таго, каб бліжэй пазнаёміцца, стварыць аснову, фундамент адносін.

Ён таксама нагадаў аб сур`ёзным вопыце супрацоўніцтва з Японіяй, асабліва ў пытанні пераадолення розных катастроф. „Японія была першай краінай, якая працягнула нам руку дапамогі пасля чарнобыльскай катастрофы. Акрамя таго, што вы падтрымлівалі дзяржаву, наша насельніцтва ў чарнобыльскіх раёнах, мы вялі з вамі сумесныя навуковыя распрацоўкі па праблемах пераадолення катастрофы. І бачыце, так здарылася, што гэтыя нашы сумесныя распрацоўкі спатрэбіліся Японіі, асабліва пасля Фукусімы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

„Словам, мы адкрытыя для супрацоўніцтва. Калі добрая воля ўрада Японіі на гэта будзе, давайце пачынаць”, — рэзюмаваў Лукашэнка.

У сваю чаргу Хіраміці Ватанабэ падзякаваў суразмоўцу за запрашэнне наведаць цырымонію закрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Ён адзначыў, што гэты спартыўны форум спрыяў аб`яднанню краін і народаў. „Думаю, нам трэба яшчэ паглыбіць нашы дружалюбныя адносіны ў сферах культуры і спорту”, — сказаў міністр.

Ватанабэ таксама выказаў падзяку беларускаму боку за аказаную дапамогу Японіі ў пераадоленні наступстваў разбуральнага землятрусу, які здарыўся ў сакавіку 2011 года на ўсходзе краіны. Землятрус выклікаў цунамі ля ўсходняга ўзбярэжжа вострава Хансю і стаў прычынай аварыі на атамнай электрастанцыі „Фукусіма-1”.

belapan.by