Лукашэнка прапаноўвае РФ вызначыцца наконт памежнікаў
Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае Расеі вызначыцца з фарматам прысутнасці памежнікаў на беларуска-расейскай мяжы. Пра гэта ён заявіў 1 чэрвеня пры наведванні пагранзаставы „Дзівін” у Кобрынскім раёне Берасцейскай вобласці, паведамляе БелТА.
Прэзідэнта праінфармавалі пра становішча на дзяржаўнай мяжы Беларусі, меры па яе ахове, выкарыстанні сіл і сродкаў для выканання задач, якія стаяць перад органамі памежнай службы. Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў сітуацыі на ўсходнім кірунку.
Як патлумачылі ў Дзяржаўным памежным камітэце, падраздзяленняў органаў пагранслужбы, што пастаянна дыслакуюцца, на гэтым напрамку няма. Аднак памежнікі пры паступленні інфармацыі аб супрацьпраўнай дзейнасці могуць вырушыць на мясцовасць, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў і тэрытарыяльных падраздзяленняў органаў дзяржбяспекі. Пры гэтым з расейскага боку прысутнічаюць штатныя падраздзяленні пагранічнай службы ФСБ Расеі, якія фактычна нясуць ахову дзяржмяжы.
Лукашэнка таксама даручыў вывучыць магчымасць пераразмеркавання асабістага складу паміж арміяй і пагранслужбай. „Можа быць, нам не трэба імкнуцца ужо занадта скарачацца ў памежных войсках. Усё ж такі яны тут пастаянна ў баявой гатоўнасці. І навучанне дай бог. І для будучыні яны ўсё-такі людзям даюць больш навыкаў, хоць бы для звычайных мотастралкоў. Можа быць, нам дзесьці арміі падскараціцца на 2-3 тыс., пакінуўшы ім (памежнікам) гэтую колькасць. Хай яны будуць на кожнай заставе па 5-10 чалавек”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.