Лукашэнка прапаноўвае Сербіі „аб’ядноўвацца”
У няпростых умовах сучаснасці трэба аб’ядноўвацца і супрацоўнічаць, каб выстаяць і развівацца, заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня ў Менску на сустрэчы са старшынёй урада Сербіі Аляксандрам Вучычам, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь ніколі не спыняла супрацоўніцтва з Сербіяй і не мае намеру гэтага рабіць у будучыні. „Мы бачым, у якім напрамку развіваецца сёння свет, — ідуць вельмі небяспечныя працэсы, нечаканыя працэсы. Мы іх, вядома, не гіпербалізуем. Мы нікуды не падзенемся ад таго, каб выбудоўваць наша супрацоўніцтва, каб у гэтым бурным свеце выстаяць і развівацца на карысць нашых дзяржаў і нашых народаў”, — лічыць ён.
Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і Сербіі даўняя гісторыя развіцця адносінаў, але сёння краіны знаходзяцца ў розных сітуацыях. „Мы ні ў якім разе не будзем выстаўляць прэтэнзіі Сербіі, калі яна будзе развівацца сваім шляхам, таму што, напэўна, і мы вінаватыя ў тым, што Сербія апынулася ў такой сітуацыі. Усё ж такі пасля распаду Савецкага Саюза нам трэба было сур’ёзна падумаць, каб выбудоўваць больш цесныя адносіны”, — заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў беларуска-сербскім супрацоўніцтве няма забароненых тэм. „Мы нават у самыя цяжкія часы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць, нават калі часам нам нявыгадна было, — сказаў ён. — Мы займалі прынцыповую пазіцыю, у тым ліку па пытаннях адзінства вашай дзяржавы. Таму вы можаце разлічваць на Беларусь і павінны ведаць: усё, што мы можам, мы заўсёды для Сербіі зробім”.
Лукашэнка ўказаў на зніжэнне беларуска-сербскага тавараабароту: калі паводле вынікаў 2015 года ён складаў прыблізна 250 мільёнаў долараў, то ў 2016-м скараціўся амаль удвая. „А гэта аснова адносін, — дадаў ён. — Мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб дасягнуць хаця б ранейшага ўзроўню тавараабароту”.
У адказ Аляксандр Вучыч заявіў, што Сербія таксама разлічвае на істотнае нарошчванне тавараабароту з Беларуссю. Ён падзякаваў беларускаму боку за „вялікую падтрымку ў захаванні цэласнасці і суверэнітэту Сербіі”, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. Паводле слоў Вучыча, неабходна зрабіць усё магчымае для павелічэння беларуска-сербскага супрацоўніцтва ў палітыцы і эканоміцы. Старшыня ўрада Сербіі перакананы ў тым, што Беларусь і Сербія сумеснымі намаганнямі здолеюць нарасціць тавараабарот.
Вучыч знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусі 26—27 студзеня. Паводле вынікаў яго перамоў з прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым 26 студзеня была падпісаная дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва дзвюх краін на 2017—2018 гады, якая ўключае больш за 50 мерапрыемстваў.