Лукашэнка прапануе італьянцам актыўней інвеставаць у Беларусь



Аляксандр Лукашэнка прапанаваў італьянскаму бізнесу больш актыўна інвеставаць у Беларусь. Пра гэта ён заявіў пасля прыбыцця ў Рым падчас кароткай гутаркі ў аэрапорце з паўнамоцным міністрам службы дыпламатычнага пратакола Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Крысціяна Катафаві.

„Мы вас запрашаем у Беларусь. Мы можам рэанімаваць нашы дамоўленасці пра стварэнне прамысловай зоны ў Берасці. Калі я бываю ў іншых дзяржавах, заўсёды прапаную пачынаць з малога: два-тры праекты пад маю адказнасць. Я буду кантраляваць іх развіццё. Калі вам гэта спадабаецца, прапануйце больш”, — цытуе Лукашэнку БелТА.

„Я заўсёды зыходжу з таго, што калі бізнес лічыць патрэбным развіваць канкрэтны праект, ён бярэ на сябе адказнасць, ён ведае, куды прадасць сваю прадукцыю. А нам ужо выгада ў тым, што яны прыйдуць да нас, створаць працоўныя месцы, будуць плаціць падаткі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Крысціяна Катафаві адзначыў „наяўнасць мэтанакіраванага погляду ў пытанні развіцця двухбаковых адносінаў” Беларусі і Італіі. „Значыць, трэба пачынаць з гэтых двух-трох праектаў і з тых абласцей, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”, — адзначыў дыпламат. Прадстаўнік МЗС Італіі нагадаў, што на пасяджэнні міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі ў лютым у Менску бакі ўжо выказалі ўзаемную цікавасць аб стварэнні ў Берасці бізнес-інкубатара, які будзе аказваць садзейнічанне кампаніям з Італіі ў рэалізацыі стартап-праектаў. „Павінен сказаць, што Італія таксама пачынае выходзіць з крызісу. Вельмі спадзяемся, што гэта пазітыўным чынам адаб’ецца таксама і на нашых эканамічных адносінах”, — дадаў італьянскі дыпламат.

У аэрапорце ў Лукашэнкі таксама адбылася кароткая размова з асабістым прадстаўніком папы рымскага, аргенцінскім дырэктарам пратаколу Гільерма Кархерам.

Візіт Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан адбудзецца 20-21 мая. Гэта яго першы візіт у ЕЗ пасля адмены Еўразвязам санкцый у дачыненні да Беларусі 15 лютага.

20 траўня беларускі кіраўнік правядзе перамовы з прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі Серджыа Матарэлам. На сустрэчы плануецца разгледзець „увесь спектр беларуска-італьянскіх адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, развіццё кааперацыйных сувязяў”. Асобную ўвагу плануецца надаць фарміраванню паўнавартаснай нарматыўнай базы беларуска-італьянскага супрацоўніцтва, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

21 траўня ў Ватыкане адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з папам рымскім Францыскам. На ёй будзе абмяркоўвацца далейшае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Рымска-каталіцкай царквой.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Італію і Ватыкан у 2009 годзе. Тады ён сустракаўся з прэм’ер-міністрам Італіі Сільвія Берлусконі і папам рымскім Бэнедыктам.

belapan.by