Лукашэнка прапануе ліквідаваць партыі, якія фінансуюцца з-за мяжы



Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе па пытаннях дзейнасці палітычных партый прапанаваў ліквідаваць партыі, якія фінансуюцца з-за мяжы.

„Як і ва ўсіх развітых дэмакратыях, у Беларусі палітычная дзейнасць катэгарычна не павінна фінансавацца з-за мяжы”,  — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Але хачу яшчэ раз нагадаць, — сказаў ён. — Кожнаму, хто разлічвае на тое, што „замежжа нам дапаможа”, дасць грошай на „сацыяльны ліфт”, на нябеднае жыццё, варта раз і назаўжды ўразумець: прыняў грант, грошы замежнага фонду, пагадзіўся на аплату паездак, нейкіх іншых паслуг — адразу ж дэ-юрэ і дэ-факта страціў права займацца палітыкай, прэтэндаваць на дзяржаўныя пасады і выбарныя пасады ў Беларусі. І трэба ўзмацніць, каб гэта фактычна прывяло да ліквідацыі такой партыі”.

Лукашэнка нагадаў, што на VI Усебеларускім народным сходзе было вырашана найбліжэйшым часам прыняць змены ў закон „Аб палітычных партыях”.

Новыя партыі ў Беларусі не рэгіструюцца ўжо больш за 20 гадоў, аднак у сакавіку аб планах па стварэнні партый заявілі Сяргей Лушч (узначальвае аргкамітэт па стварэнні партыі „Саюз”), Юрый Васкрасенскі (ініцыюе стварэнне партыі” Дэмакратычны саюз”) і Аляксей Дзермант, член аналітычнага цэнтра грамадскага аб’яднання „Белая Русь”.

29 сакавіка аб стварэнні партыі „Разам” заявіў былы банкір і былы прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка, які знаходзіцца пад следствам. Пра намер стварыць палітычную партыю заявіў былы дыпламат, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка

Беларускае Радыё Рацыя