Лукашэнка прапануе скараціць штат і колькасць дыпмісій Беларусі
Аляксандр Лукашэнка падчас нарады аб замежустановах Беларусі 6 красавіка прапанаваў аптымізаваць колькасць беларускіх пасольстваў і штат дыпламатычных місій.
„Нам трэба абмеркаваць шэраг актуальных пытанняў дзейнасці Міністэрства замежных спраў з асаблівым акцэнтам на тэму аптымізацыі нашай дыпламатычнай прысутнасці за мяжой”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Паводле слоў Лукашэнкі, на нарадзе плануецца абмеркаваць працу МЗС у цэлым. „Натуральна, свет імкліва мяняецца, нам неабходна адэкватна адаптавацца і слушна распараджацца наяўнымі рэсурсамі па ўсіх напрамках, у тым ліку і рэсурсамі МЗС, — сказаў ён. — Разам са шматлікімі рызыкамі і пагрозамі з`яўляюцца і новыя магчымасці. Ва ўмовах канкурэнцыі пераможа той, хто здолее імі слушна скарыстацца”.
Лукашэнка адзначыў, што перспектывы дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў шэрагу краін не бачныя: „Важна, каб сістэма органаў дыпламатычнай службы ні ў якім разе не ператварылася ў закасцянелую структуру, у якой працуюць тэарэтыкі, адарваныя ад жыцця. У шэрагу краін наш шматгадовы вопыт сведчыць аб тым, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядаюцца. Дык навошта нам захоўваць свае пасольствы, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманне? Да чаго там поўны штат дыпламатаў, якія адказваюць за напрамкі, што пастаўленыя на паўзу, мякка кажучы? У такіх выпадках трэба працаваць на ўмовах узаемнасці, як гэта нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой”.
Ён адзначыў, што ў апошнім выпадку ўсе пытанні можна абмяркоўваць на пляцоўках ААН, іншых міжнародных арганізацый у Нью-Ёрку, Жэневе або Вене. „Там ёсць магчымасць гаварыць з усім светам і няма неабходнасці трымаць палітычных дарадцаў у краінах, якія замарозілі з намі кантакты з-за прадузятасці або вядуць супраць нас дэструктыўную дзейнасць”, — сказаў Лукашэнка.
На гэты момант інтарэсы Беларусі за мяжой прадстаўляюць 70 замежных устаноў у 58 краінах.
Фота: БелТА