Лукашэнка прапануе стварыць пояс лічбавага добрасуседства
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас адкрыцця ў Менску Міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам.
– Зрабіць гэта магчыма шляхам заключэння міждзяржаўных ды іншых пагадненняў аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. З нашага пункту гледжання ключавымі элементамі такіх дамоўленасцяў маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, якія ў першую чаргу будуць гарантаваць неўмяшанне краін у інфармацыйныя рэсурсы адно аднаго. Перакананы, што ў сістэму эфектыўнага забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі павінна быць уключана як мага больш дзяржаваў. Я быў бы рады, каб сёння з Менску мы запусцілі б хвалю лічбавай бяспекі.
Канферэнцыя «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзніклых тэхналогій» арганізаваная МЗС Беларусі і контртэрарыстычным упраўленнем ААН.
У працы форуму бяруць удзел генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, намеснікі генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый – кіраўнік Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімір Варанкоў, больш за 60 дэлегацый ад краін і арганізацый.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя