Лукашэнка правёў ратацыю ў кіраўніцтве Следчага камітэта
Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка падпісаў указы, у адпаведнасці з якімі праведзеная ратацыя ў кіраўніцтве ўпраўленняў Следчага камітэта ў абласцях і горадзе Менску.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, дакументы прынятыя для „развіцця кадравага патэнцыялу следчых падраздзяленняў і рэалізацыі антыкарупцыйнай палітыкі ў краіне”.
Начальнікам упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці прызначаны Дзмітрый Канаплянік, які дагэтуль займаў пасаду начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Менску.
Сталічнае ўпраўленне ўзначаліў былы начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Сяргей Паско. На вызвалены пост прызначаны палкоўнік юстыцыі Сяргей Удавікоў.
Змены адбыліся і ў іншых рэгіянальных упраўленнях Следчага камітэта. Упраўленне па Віцебскай вобласці ўзначаліць Павел Ігнатаў, які раней кіраваў упраўленнем Следчага камітэта па Менскай вобласці.
На яго месца прызначаны Андрэй Ліс. Ён да цяперашняга часу кіраваў упраўленнем па Магілёўскай вобласці.
Уладзімір Шалухін прызначаны начальнікам упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Раней ён узначальваў упраўленне па Віцебскай вобласці.
Фота БелТА