Лукашэнка прыбыў у Кіеў



Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Кіеў. Яго самалёт прызямліўся ўвечары 20 ліпеня ў міжнародным аэрапорце Барыспаль.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта Украіны, афіцыйная цырымонія сустрэчы беларускага кіраўніка адбудзецца 21 ліпеня ў 11 гадзін на плошчы перад будынкам Адміністрацыі прэзідэнта Украіны. У 12.30 Пётр Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка ў будынку АПУ выступяць з заявамі для прадстаўнікоў СМІ.

Раней прэс-служба прэзідэнта Беларусі паведаміла, што праграмай візіту запланаваны перамовы Лукашэнкі з Парашэнкам у фармаце „сам-насам” і ў пашыраным складзе.

„Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай. Асноўная ўвага будзе нададзена сённяшняму стану і перспектывам узаемадзеяння ў эканоміцы, у тым ліку ў такіх сферах, як гандаль, інвестыцыі, прамысловая кааперацыя, нафтахімічны комплекс, энергетыка, сельская гаспадарка, транспартна-лагістычная галіна, развіццё міжрэгіянальнага дыялогу. Плануецца таксама ўзгадніць падыходы да далейшага развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва”, — адзначалася ў рэлізе.

Адной з тэм сустрэчы стане „ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны, у чым Беларусь актыўна ўдзельнічае, даючы перамоўную пляцоўку для бакоў працэсу”.

Лукашэнка і Парашэнка абмяркуюць сітуацыю ў рэгіёне ў цэлым, абмяняюцца думкамі па міжнароднай праблематыцы.

Чакаецца, што па выніках перамоў будзе падпісаны шэраг дакументаў, якія тычацца супрацоўніцтва ў эканоміцы, навукова-тэхнічнай галіне, а таксама ў сферах культуры і міжнацыянальных адносін.

belapan.by