Лукашэнка прыбыў у Сочы
Аляксандр Лукашэнка вечарам 10 кастрычніка прыбыў з рабочым візітам у Сочы для ўдзелу ў пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
Каля трапа самалёта яго сустрэлі губернатар Краснадарскага краю Расеі Веніямін Кандрацьеў, мэр Сочы Анатоль Пахомаў, дырэктар Дэпартамента дзяржаўнага пратакола МЗС Расеі Ігар Багдашоў, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
11 кастрычніка Лукашэнка прыме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. На парадку дня 17 пытанняў. У цэнтры ўвагі будзе пашырэнне ўзаемадзеяння на прасторы Садружнасці, удасканаленне дзейнасці Міжпарламенцкай асамблеі СНД і яе адаптацыя да сучасных рэалій. Бакі плануюць узгадніць пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж структурамі арганізацыі, асобны блок пытанняў будзе тычыцца сілавых ведамстваў.
У гэты ж дзень у Сочы пройдзе пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Лідары краін ЕАЭС разгледзяць 16 пытанняў — ад рэалізацыі лічбавай павесткі саюза і асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці да правядзення ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу дамовы аб Мытным кодэксе, адзначаецца ў рэлізе.
На самітах Лукашэнка „прадставіць падыходы Беларусі да развіцця гэтых арганізацый”.
belapan.by