Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Кітай



Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка прыбыў з рабочым візітам у Кітайскую Народную Рэспубліку. Самалёт кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку ў аэрапорце Пекіна, паведамляе яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы ў сталіцы Кітая 25—27 красавіка возьме ўдзел у мерапрыемствах II Форуму міжнароднага супрацоўніцтва „Пояс і шлях”. Лукашэнка прэзентуе прапановы беларускага боку аб развіцці гэтай глабальнай ініцыятывы, паглыбленні супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы з акцэнтам на стварэнні раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю.

Чакаецца таксама, што „на палях саміту” Лукашэнка правядзе шэраг сустрэч з замежнымі лідарамі. Запланаваная асобная сустрэча са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, на якой бакі абмяркуюць рэалізацыю найбольш значных сумесных праектаў, развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і перспектывы паглыблення беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, гуманітарнай і іншых сферах.

belapan.by