Лукашэнка прыбыў з візітам у Таджыкістан для ўдзелу ў саміце СНД



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Таджыкістан для ўдзелу ў саміце СНД. Самалёт кіраўніка беларускай дзяржавы зрабіў пасадку ў аэрапорце сталічнага Душанбэ.

У аэрапорце Аляксандра Лукашэнку сустракалі прэм’ер-міністр Таджыкістана Кахір Расулзада, мэр Душанбэ Рустам Эмамалі і першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта СНД Віктар Гумінскі.

Сустрэча лідараў краін Садружнасці адбудзецца ў Душанбэ 28 верасня. Кіраўнікі дзяржаў правядуць перамовы ў вузкім і пашыраным фарматах. Яны абмяркуюць пытанні палітычнага ўзаемадзеяння, далейшае развіццё супрацоўніцтва ў культурна-гуманітарнай галіне і сферы бяспекі. Падчас пасяджэння таксама будзе разгледжана ўдасканаленне прававога і арганізацыйна-кадравага забеспячэння дзейнасці СНД.

Чакаецца, што на палях саміту Аляксандр Лукашэнка правядзе шэраг сустрэч з замежнымі лідарамі.

27 верасня ў Душанбэ сабраўся Савет міністраў замежных спраў краін СНД. Яны абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня і ўзаемадзеяння ў рамках Садружнасці, разгледзелі праекты дакументаў, якія будуць абмяркоўвацца 28 верасня на вышэйшым узроўні.

Падчас візіту Прэзідэнта ў Душанбэ таксама запланаваны двухбаковыя беларуска-таджыкскія мерапрыемствы. Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон абмяркуюць супрацоўніцтва дзвюх краін у розных галінах і азнаёмяцца з рэалізацыяй дасягнутых раней дамоўленасцей.

zviazda.by