Лукашэнка прыгразіў перакрыць газавод у Еўропу і закрыць транзіт цераз Беларусь



 Аляксандр Лукашэнка прыгразіў закрыць транзіт цераз Беларусь для Польшчы і Германіі. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў 11 лістапада.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, на нарадзе ён закрануў тэму санкцый ЕЗ і заявіў, што „занадта шмат нас пачалі палохаць пятым пакетам”. Ён звярнуўся да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі: „На гэты пяты пакет, Раман Аляксандравіч, вам было даручэнне: мы ім дараваць нічога не павінны”.

„Польшча нас палохае, што закрые мяжу. Калі ласка, закрывайце: менш збеглых туды будзе перамяшчацца, — заявіў Лукашэнка. — А калі мы закрыем транзіт цераз Беларусь? Цераз Украіну не пройдзе: там расейская мяжа закрытая. Праз Прыбалтыку дарог няма. Калі мы закрыем для палякаў і, да прыкладу, для немцаў, што будзе тады? Мы не павінны, абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць, спыняцца ні перад чым”.

Акрамя таго, Лукашэнка прыгразіў перакрыць падачу газу ў Еўропу праз транснацыянальны магістральны экспартны газаправод Ямал — Еўропа, які праходзіць цераз Беларусь.

„Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць, перш чым гаварыць. Але гэта іх справа. Закрыюць — няхай закрываюць”, — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, МЗС мусіць „папярэдзіць усіх у Еўропе”: „Калі толькі яны ўвядуць нам дадатковыя санкцыі,  „непрымальныя” для нас, якія мы не зможам „ператравіць”, мы павінны адказваць. Як адказваць, мы з вамі дамаўляліся паўгода таму”.

10 лістапада прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер заявіў у інтэрв’ю парталу „Віртуальная Польшча”, што ўлады разглядаюць магчымасць поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю праз міграцыйны крызіс. „Мы накіроўваем уладам Беларусі інфармацыю аб тым, што такая пагроза існуе, калі яны не спыняць сваю дзейнасць”, — паведаміў ён.

Фота: БелТА