Лукашэнка прыгразіў пошукам альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты і газу
Калі Расея ўстановіць занадта высокую цану на нафту і газ, Беларусь будзе шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 снежня ў інтэрв`ю расейскай радыёстанцыі „Эхо Москвы”.
„Як можна арганізаваць эканоміку, калі мне кажуць: 152 долары павінна быць цана на газ? Ды яна не можа такой быць, таму што мы без мытнай пошліны гандлюем, — адзначыў Лукашэнка. — А на апошніх перамовах я наогул сказаў, калі гандаль гэты пайшоў, па нафце асабліва: добра, давайце вашы цэны, мы будзем плаціць. Але калі расейскі рынак у 25 млн тон нафты і ў 22 млрд кубоў газу сыдзе некуды, вы на мяне не крыўдуйце”.
Паводле яго слоў, пасля гэтай заявы ў Маскве яму сказалі, што сыход Беларусі з расейскага рынку прывядзе да таго, што нафта і газ будуць абыходзіцца для Менска даражэй. „А я прывёў прыклад: калі вы пачалі лаяцца з Украінай па транзіце газу, што вы зрабілі? Пабудавалі абход — Паўднёвы і Паўночны паток. Гэта дзясяткі мільярдаў долараў. Так што яшчэ невядома, што будзе далей. Але вы плюнулі і пачалі гэта рабіць. Я дакладна гэтак жа зраблю, Уладзімір Уладзіміравіч. Я буду шукаць альтэрнатыву. А яе ўсё роўна трэба шукаць. І я гэта ад кіраўніцтва Расеі не хаваю”, — сказаў Лукашэнка.
У якасці альтэрнатывы ён мае намер выкарыстоўваць рэверс нафты. „Я магу праз Польшчу, яны прапаноўваюць (гэта самы танны маршрут), узяць саудаўскую або амерыканскую нафту, што танней з рынку ў Гданьску, і па трубе завезці рэверсам”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ёсць тры трубы нафтаправода „Дружба” з Расеяй. „На першым этапе я забіраю адну трубу і рэверсам пастаўляю нафту да нас на НПЗ паўночны („Нафтан”. — БелаПАН.) і паўднёвы (Мазырскі НПЗ. — БелаПАН.), а затым перапрацоўваю, — сказаў ён. — У гэтым годзе мы цалкам скончылі мадэрнізацыю гэтых НПЗ, там глыбіня перапрацоўкі, як у Еўропе. Пойдзе нармальна, я забяру рэверсам другую трубу. У Расеі застанецца адна. Расея пастаўляе пад 70 млн тон па гэтых трубах на прэміяльны заходні рынак. Калі я забяру дзве трубы, у яе застанецца недзе 20 млн тон. І я задаю пытанне: вы навошта мяне заганяеце ў вырашэнне пытання такім чынам? Я гэтага не хачу”.
Лукашэнка падкрэсліў, што сябе Беларусь нафтай і так забяспечвае. „У нас здабываецца прыкладна 2 млн тон нафты. Мы ў любым выпадку бензабак любому беларусу зальем. Але нам для эканомікі патрэбна нафта — крыху больш за 6 млн тон, каб цалкам сябе забяспечыць. Але мы ў Расеі купляем 25 млн тон”, — сказаў ён.
Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што Беларусь з`яўляецца трэцім спажыўцом расейскага прыроднага газу пасля Германіі і Італіі. „Вы хочаце гэты рынак страціць? Не”, — сказаў ён.
belapan.by