Лукашэнка прыгразіў размяшчэннем у Беларусі ядзернай зброі



Беларусь прапануе Расеі сваю тэрыторыю для размяшчэння ядзернай зброі, калі ядзерная зброя краін НАТА апынецца ў Польшчы, заявіў у інтэрв’ю РИА Новости Аляксандр Лукашэнка.

– Я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь. Мы дамовімся якую. Тую ядзерную зброю, якая будзе найбольш эфектыўнай пры такім сутыкненні.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг паведаміў раней, што калі Германія адмовіцца ад размяшчэння ядзернай зброі, яна можа апынуцца ў іншых краінах Еўропы, у тым ліку на ўсход ад Германіі. Пасля распаду СССР на беларускай тэрыторыі знаходзіліся дзясяткі зарадаў да стратэгічных міжкантынентальных ракет „Топаль” і больш за тысячу тактычных ядзерных боегаловак. Вывад ядзернай зброі стаў вынікам падпісання Менскам Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі.