Лукашэнка прыляцеў у Індыю
Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Рэспубліку Індыя.
Чакаецца, што раніцай 12 верасня на тэрыторыі прэзідэнцкага палаца „Раштрапаці-Бхаван” адбудзецца ўрачыстая цырымонія сустрэчы Лукашэнкі з Прэзідэнтам Індыі Рамам Натхам Ковіндам і прэм’ер-міністрам Нарэндрам Модзі.
Затым беларускі лідар наведае мемарыял „Радж Гхат”, дзе ўскладзе вянок да манумента Махатмы Гандзі.
У рэзідэнцыі ўрада Індыі пройдуць перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Нарендрам Модзі. Спачатку яны разгледзяць двухбаковы парадак дня ў вузкім складзе, а затым у пашыраным з удзелам членаў афіцыйных дэлегацый.
Будзе абмяркоўвацца развіццё беларуска-індыйскага супрацоўніцтва, галоўным чынам у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, турызме. Плануецца абмеркаваць і ўзаемадзеянне Беларусі і Індыі ў фармаце еўразійскай інтэграцыі, новыя магчымасці для інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Бакі таксама абмяняюцца поглядамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.
Па выніках перамоваў, як чакаецца, адбудзецца абмен падпісанымі двухбаковымі дакументамі. У другой палове дня адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Індыі.
Напярэдадні прыезду кіраўніка дзяржавы ў сталіцы Індыі адбыўся бізнес-форум. У Нью-Дэлі прыбыла прадстаўнічая беларуская дэлегацыя ў складзе членаў урада, галіновых міністраў, кіраўнікоў канцэрнаў і розных ведамстваў, кіраўнікоў і спецыялістаў цэлага шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і кампаній.