Лукашэнка наведаў лагер мігрантаў у „Брузгах”
На беларуска-польскую мяжу ў лагер мігрантаў у „Брузгах” прыехаў Лукашэнка. Ён прыбыў разам са старшынём Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам і старшынём Дзяржпагранкамітэта Анатолем Лапо, паведамляе БЕЛТА.
Лукашэнка выступіў перад мігрантамі і сказаў, што гвалтоўна іх адпраўляць у Ірак не будзе. “Калі вы захочаце ісці ў Еўропу, пройдзеце — ідзіце. Мы ні ў якім разе не будзем вас затрымліваць, звязваць рукі, грузіць у самалёт і адпраўляць на радзіму. Вось і ўся філасофія”, – сказаў ён. Ён падбадзёрыў мігрантаў тым, што каля 200 нелегалаў штодзень трапляюць у краіны Еўразвязу.
Фота: sputnik.by
Лукашэнка паабяцаў мігрантам, што зробіць для іх усё, нават калі гэта кепска для суседніх краін: “Мы, беларусы, і я ў тым ліку, будзем рабіць усё так, як вы пажадаеце, нават калі гэта будзе дрэнна для палякаў, латышоў і яшчэ кагосьці”.
Таксама Аляксандр Лукашэнка агледзеў пункт раздачы харчавання ў цэнтры, пацікавіўся, ці на ўсіх хапае прадуктаў, сустрэўся з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа.
Нагадаем, што ў “Брузгах” стварыўся лагер мігрантаў, які налічвае каля дзвюх тысяч чалавек. Еўразвяз вінавіціць беларускі бок у штучным стварэнні міграцыйнага крызісу з мэтай шантажу і ціску на краіны ЕЗ. Еўрапейскія палітыкі заяўляюць пра тое, што Лукашэнка вядзе “гібрыдную вайну”.