Лукашэнка прыляцеў у Маскву на перамовы з Пуціным
Паводле звестак прэс-службы кіраўніка дзяржавы, праграмай аднадзённага візіту прадугледжаныя перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць „найбольш актуальныя пытанні парадку дня беларуска-расейскіх адносін, пытанні палітычнага ўзаемадзеяння, развіццё інтэграцыйных працэсаў, сітуацыю ў рэгіёне і свеце”.
Сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі каментуе Аляксандр Класкоўскі:
– Яна звязана з неабходнасцю неяк развязаць гэты нафтагазавы канфлікт. Таму, я думаю, гэта найхутчэй Лукашэнка дамаўляўся і прыспешваў гэтую сустрэчу. Лукашэнка ехаў за нейкімі зніжкамі на энерганосьбіты, і Масква мусіць нешта даць, іначай гэта было б зусім нейкае прыніжэнне – злётаў і з пустымі рукамі вярнуўся. Але, натуральна, будзе як у тым класічным савецкім сатырычным творы: “за кожны скормлены вітамін будуць патрабаваць мноства паслуг”.
– Магчыма зноў будзе ціск, каб у прыватнасці і тую ж авіябазу размясціць, і нейкія іншыя крокі Беларусь зрабіла ў вайскова-стратэгічным плане насустрач Маскве. Таму ў Лукашэнкі тут няўдзячная задача, трэба і выгандляваць нешта ў фінансавым плане, у плане эканамічным, у плане энерганосьбітаў, і не саступіць занадта шмат, бо іначай пад ударам цяперашняя нармалізацыя дачыненняў з Еўропай і Вашынгтонам.
Лукашэнка і Пуцін таксама возьмуць удзел у цырымоніі віншавання патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, які напярэдадні адзначыў 70-годдзе. Урачыстасці пройдуць у храме Хрыста Збавіцеля.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота from-ua.com