Лукашэнка прызначыў новых паслоў у Германіі і Румыніі
Аляксандр Лукашэнка 25 кастрычніка прызначыў новых паслоў у Германіі і Румыніі.
Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Германіі прызначаны Дзяніс Сідарэнка, які дагэтуль узначальваў упраўленне агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС. Ранейшы пасол у Германіі Андрэй Гіро раптоўна памёр 17 лістапада 2015 года.
Надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Румыніі прызначаны Андрэй Грынкевіч, які раней узначальваў упраўленне Азіі, Аўстраліі і Акіяніі МЗС.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадніў прызначэнне некалькіх новых кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Намеснікам старшыні Берасцейскага аблвыканкама стаў Алег Вялічка, намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама прызначаны Уладзімір Пенін, старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама — Аляксандр Грыцук, на пасаду старшыні Дубровенскага райвыканкама ўзгодненая кандыдатура Алега Лындзіна, Жодзінскі гарвыканкам узначаліць Юрый Шары.
Лукашэнка таксама ўзгадніў прызначэнне Пятра Шостака на пасаду кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Менска і Арцёма Цурана — на пасаду кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Менска.
