Лукашэнка прызначыў новых старшынь райвыканкамаў



Аляксандр Лукашэнка 19 жніўня ўзгадніў прызначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады ў трох раёнах Магілёўскай вобласці.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Бялыніцкі райвыканкам узначаліць Васіль Захаранка, які да гэтага быў старшынёй Клімавіцкага раённага савета дэпутатаў. Кандыдатура першага намесніка гендырэктара ААТ „Кампанія-кіраўнік холдынга „Аграмашсервіс” Мікалая Сцяпанава ўзгодненая на пасаду старшыні Дрыбінскага райвыканкама. Аляксандр Яфімчык, выканаўчы дырэктар па вытворчасці і сельскай гаспадарцы прадпрыемства „Магілёўскае насенне траў”, узначаліць Чавускі райвыканкам.

Як адзначыў Лукашэнка, галоўным кірункам гаспадарчай дзейнасці ў гэтых раёнах з’яўляецца сельская гаспадарка, і яму трэба надаваць асаблівую ўвагу. Акрамя таго, паводле яго слоў, новым старшыням райвыканкамаў „неабходна паглыбіцца ў цэлым у пытанні эканомікі, вывучыць асаблівасці прамысловасці ў сваіх раёнах і нават заняцца ідэалогіяй — комплекс пытанняў вельмі шырокі”.

„Будзе няпроста, бо вы на перадавой, тварам да твару з людзьмі. І кожны дзень вам трэба даказваць ім сваю слушнасць, што вы не дарма прыехалі ў гэты раён, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы выпакутавалі шляхі вырашэння праблемных пытанняў. Гэта вялікая справа, калі ты не проста ведаеш, што трэба рабіць, але ведаеш, як трэба рабіць”.

Ён заўважыў, што ў гэтых раёнах ёсць стратныя гаспадаркі, з якімі неабходна працаваць у першую чаргу.

Гэтыя арганізацыі павінны пераймаць вопыт паспяховых сельгаспрадпрыемстваў, падкрэсліў Лукашэнка. „Стратныя гаспадаркі — ваша сфера адказнасці, і туды трэба кінуць усе намаганні, каб іх вывесці на адпаведны ўзровень”, — паставіў ён задачу новым кіраўнікам раённых адміністрацый.

Паводле яго слоў, яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці — праца з прадпрыемствамі, „якія яшчэ ў савецкія гады мелі вялікае значэнне для кожнага раёна”, — сельгастэхніка і ПМК. Ён „настойліва рэкамендаваў звярнуць увагу на адраджэнне гэтых арганізацый”, паведамляе прэс-служба. Паводле слоў Лукашэнкі, у іх ёсць патэнцыял, „бо гаспадаркі трэба забяспечваць запчасткамі і палівам, прадпрыемствы маюць патрэбу ў новых вытворчых памяшканнях, а насельніцтва — у жыллі”.

„Сельгастэхніка павінна аказваць усе інжынерныя паслугі для насельніцтва раёна і вёскі. Сякеру падтачыць, касу накляпаць, падрамантаваць машыну, электразварка, газазваркай — гэта ўсё было засяроджана ў сельгастэхніцы, цяпер райаграсэрвісе. Некалькі гадоў таму назад усё кінулі — гэта не трэба, цяпер адраджаем”, — сказаў Лукашэнка. Будаўнічыя ж арганізацыі ў раёнах „могуць канкурыраваць з абласнымі і нават рэспубліканскімі прадпрыемствамі”, адзначыў ён. Таму ПМК трэба адраджаць нават у невялікіх раёнах, лічыць кіраўнік дзяржавы.

„Як у гаспадароў, у вас павінны быць пад рукамі такія прадпрыемствы. У кагосьці яшчэ льнозавод, малаказавод, яшчэ нейкія перапрацоўчыя прадпрыемствы, можа быць, камбікормавы завод. Выбудоўвайце жыццё ў раёнах. А ў гэтых раёнах ёсць чым займацца, — заявіў ён. — Вы новыя людзі, прыехалі і вам трэба вывучыць раён, вылучыць з масы праблем тыя, якія трэба вырашыць у гэтым годзе і якія будзеце вырашаць у перспектыве”.

Лукашэнка арыентаваў мясцовую вертыкаль падтрымліваць насельніцтва і пастаянна мець зносіны з грамадзянамі, выконваць дадзеныя ім абяцанні: „У нас нармальныя людзі: калі іх папрасіць, яны абавязкова адгукнуцца. Але толькі не трэба падманваць. Калі ты нешта папрасіў і паабяцаў — абавязкова зрабі. Не можаш зрабіць сёння, скажы, што зробіш заўтра. Акуратна працуйце з людзьмі, падтрымлівайце іх. Калі ёсць нейкая несправядлівасць, абавязкова адрэагуйце. Або самі вырашыце, або, калі не можаце на сваім абласным узроўні вырашыць, патэлефануйце кіраўніку Адміністрацыі [прэзідэнта] — мы зоймемся гэтым”.

На думку кіраўніка дзяржавы, „самае страшнае ў працы органаў улады — несправядлівае стаўленне да людзей”. „Людзі ўсё могуць дараваць, але несправядлівасць ніколі не даруюць. У аснове працы ўлады павінна быць справядлівае стаўленне да людзей і справядлівае вырашэнне пытанняў”, — заявіў Лукашэнка.

„Вы прыйшлі ў такі час, калі трэба здаваць экзамен. Магчыма, нават не за сябе, а за іншых. Праз тры месяцы людзі забудуць, што вы толькі пачалі, што, калі ёсць нейкія „касякі”, яны не вашы. Гэта ўсё праз тры месяцы будзе ваша — і добрае, і дрэннае. І экзамен гэты вам давядзецца здаваць нават без падрыхтоўкі”, — сказаў ён.

БелаПАН