Лукашэнка — Рахмону: Я тут для таго, каб умацаваць нашы сувязі
Беларусь рада поспехам Таджыкістана і гатова развіваць супрацоўніцтва, заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 траўня ў Душанбэ на перамовах з прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.
„Дзякуй вам за запрашэнне прыехаць у гэты выдатны горад, у гэтую працавітую краіну, да гэтага прыгожага народа, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём Таджыкістана. Мяне асабліва цешаць тэмпы, з якімі развіваецца краіна. Я заўсёды з задавальненнем адзначаю, што па тэмпах развіцця вы пераўзыходзілі Кітайскую Народную Рэспубліку. Гэта выдатна. Мы бачым няўзброеным вокам, як змяняецца сталіца. Нават прыляцеўшы ноччу, я гэта заўважыў. І сёння яшчэ раз пераканаўся ў тым, што вы на правільным шляху. І, паверце, мы за вас вельмі рады”.
„Я асабіста вельмі хачу, каб Таджыкістан стаў у шэраг самых развітых і перадавых краін, таму што гэты старажытны вялікі народ гэтага заслугоўвае. Вельмі шмат вы для гэтага зрабілі. А я тут для таго, каб умацаваць нашы сувязі”, — заявіў афіцыйны беларускі лідар.
Ён таксама звярнуў увагу на паспяховую рэалізацыю задумы па правядзенні ў Душанбэ бізнес-форуму з удзелам не толькі дзелавых колаў Беларусі і Таджыкістана, але і прадстаўнікоў іншых краін рэгіёна. „Мы суседзяў падцягнем у Таджыкістан і пакажам нашы магчымасці. Разам з вамі будзем далей рухацца ў іншыя краіны, развіваючы гандлёва-эканамічныя адносіны”, — сказаў Лукашэнка.
У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца адным з ключавых партнёраў Таджыкістана. „Мы надаём вялікае значэнне вашаму афіцыйнаму візіту. Упэўнены, што яго вынікі дадуць новы імпульс нашым адносінам цеснай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, — заявіў прэзідэнт Таджыкістана.