Лукашэнка: Рашэнні па паглыбленні інтэграцыі будуць фармалізаваныя восенню



Рашэнні па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расеі будуць фармалізаваныя восенню, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка ў Маскве на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Трансляцыю пратакольнай частцы сустрэчы вёў тэлеканал „Россия 24”.

„Мы з вамі ў канцы мінулага года акрэслілі праграму нашых дзеянняў, прэзідэнтаў, на канец мінулага года і на гэты год”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, кіраўнік урада Расеі Міхаіл Мішусцін падчас візіту ў Менск 16 красавіка выступіў як акадэмік. „Атрымалася ў яго вельмі магутна. Расказаў пра эканоміку, пра фінансы, пра падаткаабкладанне, пра адміністраванне падаткаў, пра эфектыўнасць сістэмы падаткаабкладання: я потым скажу, мы прыйшлі да пэўнай высновы, сумеснай высновы”, — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што больш падрабязна тэма інтэграцыі сістэм падаткаабкладання будзе абмеркаваная сёння.

У чэрвені ў Маскоўскай вобласці пройдзе Форум рэгіёнаў дзвюх краін, нагадаў Лукашэнка. „А затым мы прымем рашэнне аб пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета восенню, на якім мы ўжо зможам фармалізаваць усе нашы дамоўленасці, падпісаўшы пэўныя дакументы”, — паведаміў ён.

„Увогуле, мы рухаемся сур’ёзна па саюзных праграмах, — заявіў Лукашэнка. — Памятаеце, з [дарожных] карт пачыналі? Вельмі сур’ёзныя праграмы. Напэўна, 26 або 27 праграм мы ўжо ўзгаднілі на ўзроўні ўрада. Трохі засталося: дзве-тры вельмі сур’ёзныя праграмы эканамічнага характару, у тым ліку і падаткаабкладанне — вядомая праграма, па якой мы ўвогуле ў Мінску прынялі рашэнне”.

„Паволі рухаемся, але ёсць і надзённыя пытанні, якія трэба ўзмацняць, у тым ліку і бяспека, у тым ліку і абарона ў нашай Саюзнай дзяржаве, — дадаў ён. — Хоць, увогуле, напэўна, пакуль спраўляемся і справімся: і лініі намалюем, за якія ніхто не павінен перайсці, і годна адкажам тым, хто не разумее, што ў гэтым шалёным свеце трэба быць больш спакойным і жыць па-сяброўску”.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа „Россия 24”