Лукашэнка: Раскол — гэта заўсёды дрэнна



Пра важнасць адзінства царквы заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам (Гундзяевым) 15 кастрычніка ў Менску.

„На жаль, наша царква вельмі часта ў гісторыі станавілася закладніцай міждзяржаўных адносін. Часам нашых няправільных учынкаў, — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. — Вы павінны ведаць нашу непахісную дзяржаўную пазіцыю, што раскол — гэта заўсёды дрэнна. І гэта дрэнныя наступствы. Наступствы найбольш небяспечныя. Таму мы вельмі балюча ставімся да таго, што адбываецца сёння ў праваслаўі”.

Лукашэнка падкрэсліў, што сучасны свет змяніўся. „Мала таго, што паскорыўся, ён змяніўся не ў найлепшы бок. І закладнікі ўжо ўсё насельніцтва нашай планеты. Гэта перш за ўсё дрэнны настрой. А настрой — гэта заўсёды было адказнасцю царквы. Таму гэта б`е перш за ўсё па царкве, па яе служыцелям”, — лічыць афіцыйны лідар.

Ён адзначыў, што Беларусь — родная зямля для абодвух суразмоўцаў. „Заўсёды напярэдадні нашых сустрэч я ўспамінаю ваш перыяд служэння ў царкве да патрыяршага сану. У нас у Беларусі заўсёды былі вельмі цёплыя ўспаміны. І я вам казаў, у мяне ў памяці засталося ваша перасоўванне са Смаленска ў Калінінград, і абавязкова цераз нашу Беларусь. Напэўна, з таго часу вы закахаліся ў гэтую не чужую для вас зямлю”, — сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік пажадаў патрыярху Кірылу мудрасці і цярпення. „Мы як прыхаджане будзем старацца падтрымліваць яднанне ўсіх працэсаў, каб захаваць мір на зямлі. Ужо занадта блізка мы падышлі да небяспечнай рысы”, — заявіў ён.

Кірыл прыбыў у Менск 13 кастрычніка з трохдзённым візітам на беларускім ўрадавым самалёце. 15 кастрычніка ён возьме ўдзел у пасяджэнні Сінода РПЦ, які мае намер раскрытыкаваць Канстанцінопальскі патрыярхат за рашэнне пачаць працэдуру давання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.

belapan.by

Фота belta.by