Лукашэнка расцэньвае распад СССР як катастрофу
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка расцэньвае распад СССР як катастрофу. Пра гэта ён заявіў адказваючы на пытанні студэнтаў Пекінскага ўніверсітэта, перадае БЕЛТА.
„Я адназначна разглядаю распад Савецкага Саюза як катастрофу, якая мела і мае негатыўныя наступствы ва ўсім свеце. Нічога добрага ад распаду мы не атрымалі”, – сказаў Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што ў Савецкага Саюза з Кітаем не заўсёды былі светлыя і добрыя дні ў адносінах: „Даходзіла і да ваенных сутыкненняў на граніцы, але, калі паглядзець у гісторыю, то ў нас, савецкіх і кітайскіх людзей, заўсёды было больш добрага”. У якасці аднаго з яркіх прыкладаў Аляксандр Лукашэнка прывёў агульную перамогу над фашызмам і японскім мілітарызмам.
Што датычыцца Савецкага Саюза, то, на думку беларускага лідара, гэта магутная дзяржава з’яўлялася фактарам стрымлівання і забеспячэння стабільнасці ў свеце. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў часы СССР былі б немагчымы многія канфлікты, падобныя да тых, якія маюць месца на Блізкім Усходзе або ў Афрыцы.
„Гэта балансіравала нашу планету. Знік Савецкі Саюза, і, вы бачыце, свет захістаўся на адной апоры. Я не асуджаю тут амерыканцаў, але факт застаецца фактам. Апора адна – і свет хістаецца”, – сказаў кіраўнік Беларусі. Ён дадаў, што бачыць у Кітаі, а таксама, магчыма, у адзінстве постсавецкай прасторы і Еўразвяза, што фарміруе ўсё больш самастойную палітыку, рэальныя апоры, якія трэба ўмацоўваць, каб свет быў шматпалярным.