Лукашэнка – Раўкову: У дзяржсакратара Савета бяспекі вялікія паўнамоцтвы
Дзяржсакратар Савета бяспекі „ў сілу наяўнай практыкі валодае вельмі вялікімі паўнамоцтвамі, у яго вялікі дыяпазон самастойнасці”, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння на гэту пасаду 20 студзеня міністра абароны Андрэя Раўкова.
„Я ўчора прыняў рашэнне аб прызначэнні вас у сакратарыят Савета бяспекі дзяржаўным сакратаром, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Натуральна, вызваліліся пасады, і я не палічыў патрэбным з гэтым цягнуць. Мы людзі ваенныя, час няпросты. Гэта не значыць, што заўтра вайна і нам з кімсьці прыйдзецца ваяваць, — ні ў якім разе. Але ваенная арганізацыя не трывае няпэўнасці”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзяржсакратарыят Савета бяспекі — гэта орган, які дапамагае яму працаваць з сілавым блокам, а паколькі армія — ключавы элемент сілавога блока і яе кіраўніком заўсёды прызначаецца вельмі дасведчаны чалавек, было прынята рашэнне перавесці Андрэя Раўкова ў Савет бяспекі. „Добра, што ў нас яшчэ і кіраўнік Адміністрацыі [прэзідэнта Ігар Сяргеенка] — чалавек вельмі блізкі да гэтых пытанняў, разумее і разбіраецца. Думаю, што мне трошкі лягчэй будзе ў гэтым плане. Тым не менш дзяржсакратар у сілу наяўнай практыкі валодае вельмі вялікімі паўнамоцтвамі, у яго вялікі дыяпазон самастойнасці”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Прызначаючы 20 студзеня міністрам абароны Віктара Хрэніна (былы камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сіл), а начальнікам Генштаба Узброеных сіл — Аляксандра Вальфовіча (першы намеснік начальніка Генштаба), Лукашэнка адзначыў, што кандыдаты на гэтыя пасады разглядаліся некалькі месяцаў.
„Нам вельмі важна цяпер падняць значнасць войскаў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І Хрэнін, і Вальфовіч — гэта людзі аднаго калібру, людзі падрыхтаваныя. Я ўважліва вывучаў іх біяграфіі: яны паралельна прайшлі той жа шлях. Я заўсёды скрупулёзна гляджу, ці былі „на зямлі”. Яны і ўзводамі камандавалі, і ротны вопыт, і батальёна. Гэта значыць, яны ведаюць жыццё арміі не па чутках. Гэта вельмі важна. Я думаю, што яны знойдуць паразуменне. Інакш і быць не можа ў беларускай арміі. Калі разумення няма, значыць, і людзей там не павінна быць такіх”.
Лукашэнка звярнуў увагу, што Вальфовіч ўжо валодае „выдатным вопытам працы” ў Генеральным штабе (да прызначэння на пасаду першага намесніка начальніка Генштаба ён быў камандуючым войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання. — БелаПАН.).
Паводле яго слоў, аб Вальфовічу гавораць як аб вельмі добрым практыку. „Я палічыў неабходным не тузаць яго адтуль, таму што пасада начальніка Генштаба вельмі важная, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я, вядома, не саспеў для таго, каб рэфармаваць армію такім чынам, каб міністр абароны нейкімі прадстаўніцкімі функцыямі валодаў, а начальнік штаба быў фактычна кіраўніком арміі. Я думаю, што адзінаначалле для нас нармальнае: у нас кампактная, не такая вялікая і не малая армія. Нам не трэба ламаць тут структуру кіравання, але агульную мову трэба знаходзіць”.
Ён дадаў, што перад прызначэннем кандыдатаў вывучаліся і адмоўныя заключэнні па іх. Аднак усіх ён ахарактарызаваў як людзей падрыхтаваных і адданых Беларусі, „якія не бачаць свайго жыцця без гэтага кавалка зямлі”. „Думаю, у нас агульныя мэты. Перад намі стаяць агульныя задачы, і мы павінны будзем іх вырашаць”, — рэзюмаваў Лукашэнка.
belapan.by