„Піяраўскія штучкі” Лукашэнкі (абноўлена)



 Лукашэнка паабяцаў разгледзіць праблему, звязаную з дзейнасцю журналістаў, якія не супрацоўнічаюць з беларускімі і замежнымі СМІ на аснове афіцыйных працоўных дамоваў. Разабрацца ў гэтым пытанні кіраўнік краіны паабяцаў 4 жніўня падчас сумеснага інтэрв’ю „Еўрарадыё”, „Радыё Свабода” і парталу tut.by.

lukashenko_vstrecha_04082015_1

Яўген Вапа, Святлана Калінкіна і Андрэй Бастунец – пра інтэрв’ю Лукашэнкі для незалежных СМІ.

Гаворыць Яўген Вапа, Старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя:

– Калі спадар кіраўнік не будзе лукавіць у справе фрылансераў, калі нашыя сябры журналісты з розных рэдакцыяў, якія зараз маюць пазначаныя тэрміны судоў, напрыклад, калі зойдуць у Гародні у суд, яны павінны ўзяць з сабою вось гэтую цытату кіраўніка дзяржавы, пакласці яе перад суддзёю. І хай тады суддзя думае, бо ён сказаў, што такога не можа быць, бо праўды не можна скрываць і людзі жывуць небагата, – наконт фрылансераў. Так што няхай суды думаюць. Гэта словы не праваабаронцаў, не словы БАЖу, не словы саміх журналістаў, а словы кіраўніка дзяржавы наконт магчымасці працаваць, свабодна выконваць сваю прафесію. Калі кіраўнік дзяржавы абяцае ласкава разабрацца ў гэтым, хай ласкава разбярэцца і з Міністэрствам замежных справаў, каб дало нашаму радыё і другім СМІ акрэдытацыю. Гэта былі бы пэўныя рэальныя змены. Незалежных медыяў у Беларусі ёсць значна больш, чым толькі тры. Калі на сустрэчы з дзяржаўнай прэсай прыходзяць 70-80 чалавек, калі журналістаў з Расеі прыязджае пад сто – і з усімі сустракаецца. А тут самае маляўнічае прадстаўніцтва беларускіх незалежных СМІ ў выглядзе трох рэдакцыяў! Сустрэча, якая адбываецца ў дзень салідарнасці з палітзняволенымі – гэта таксама мае сімвалічнае значэнне, гэта ёсць прыкрыванне сапраўдных праблемаў, таго, чым жыве краіна, што ёсць у краіне рэальнай праблемай, а не такія вось “піяраўскія штучкі” Аляксандра Рыгоравіча.

„Мы можам толькі цешыць сябе спадзяваннямі наконт паляпшэння ўмоваў працы для фрылансераў”, – мяркуе шэф-рэдактара газеты „Народная воля” Святлана Калінкіна:

Гэта больш нашыя спадзяванні. На жаль, вельмі часта адбываецца так, што Аляксандр Лукашэнка гаворыць адно, а потым адбываецца адваротнае. Усім вядома, што ў краіне існуе гарантаваная Канстытуцыяй свабода на збор і распаўсюд інфармацыі. Усім вядома, што і караюць і штрафуюць – гэта практыка, адна з асноў існавання гэтага рэжыму. Калі ад гэтай практыкі адыйдуць, то гэта будзе азначаць, што рэжым стане іншым, на жаль, я думаю, што гэта не надзеі нават, а фантазіі. Для мяне была дзіўная сітуацыя, калі на мінулай прэс-канферэнцыі, маючы магчымасць задаць пытанні Лукашэнку, журналісты пачалі прасіць яго пра нейкае асобнае інтэрв’ю. Мне гэта было незразумела. Ёсць магчымасць задаваць пытанні – задавайце, калі яны ў вас ёсць. Але дамовіліся пра інтэрв’ю. Я думала, што гэта будзе нешта тэматычнае, але адбылося звычайнае інтэрв’ю, нічога асабліва новага ў ім няма. Усе тыя хібы, якія мы раней бачылі ў інтэрв’ю з Лукашэнкам. Гэтаму чалавеку не проста трэба задаваць канкрэтныя пытанні, з ім трэба дыскутаваць. Не проста выслухоўваць нейкую лухту, а паказваць, што гэта – лухта

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец мяркуе, што сёння вельмі важна спыніць ціск на беларускіх фрылансераў:

Трэба, каб гэтая хваля пераследу журналістаў-фрылансераў, якая апошнім часам проста перахлёствае, скочылася. Я заўважу, што мы звярталіся і ў Вярхоўны суд, і ў пракуратуру, і ў міліцыю, і ў КДБ. Але пакуль што атрымліваем толькі адпіскі ад гэтых установаў. Паглядзім, што будзе далей. Толькі практыка можа пацвердзіць ці абвергнуць нешта. 

З пачатку года прайшло 26 судовых працэсаў над незалежнымі журналістамі ў Беларусі. Падставай для пераследу было супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежнымі СМІ, у тым ліку з нашым радыё.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя