Лукашэнка разлічвае на 80% галасоў
Аляксандр Лукашэнка хацеў бы, каб лічба галасоў за яго склала 80%. Па ягоных словах, гэта важна, каб з моцнай пазіцыі выступаць на міжнароднай арэне.
„Прыйдзе на выбары 40%. Ну ці 50%, у нас менш за палову быць не павінна. Ну вось 50% прыйдзе і 1 голас, і за яго там прагаласуе дзесьці палова. А за спіной будзе ўсяго 25% насельніцтва, якія за яго прагаласуюць. І як ён будзе весці перамовы потым? З іншымі кіраўнікамі дзяржаў?” — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў часе адкрыцця першага кавалка другой МКАД пад Мінскам.
„І калі прэзідэнт моцны, як вы заўсёды мяне падтрымлівалі — 80%! Ні ў каго нават пытанняў не было. Калі я прыязджаю і вяду перамовы, ён разумее: 80% за яго прагаласавала”.
У 2010 годзе ЦВК заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 79% выбарцаў, у 2006 — 83%. Абодва разы ў Менску адбыліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў з патрабаваннем дэмакратычных перамен.