Лукашэнка разлічвае на новую старонку ў адносінах паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй
Аляксандр Лукашэнка разлічвае на адкрыццё новай старонкі ў адносінах паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з членам брытанскай каралеўскай сям’і прынцам Майклам Кенцкім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лукашэнка падкрэсліў, што ў сферы міждзяржаўных адносін Беларусі і Вялікабрытаніі непераадольных пытанняў няма. „Калі ўжо быць абсалютна шчырым, Вялікабрытанія, напэўна, не вельмі цікавілася сітуацыяй у Беларусі і, хутчэй за ўсё, дзейнічала ў фарватары дзеянняў Бруселя, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Ваш прыезд, спадзяюся, адкрые новую старонку нашых адносін, і вельмі многія палітыкі і бізнесмены, якія зацікавяцца Беларуссю, атрымаюць гэту характарыстыку з вашых вуснаў”.
„Мы вельмі спадзяёмся, што нашы адносіны з Вялікабрытаніяй будуць развівацца. У нас вялікі інтарэс у гандлі”, – заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што Вялікабрытанія ўваходзіць у лік асноўных партнёраў Беларусі ў пытаннях гандлю і інвестыцый.
У сваю чаргу прынц Майкл Кенцкі падзякаваў за цёплы прыём, адзначыўшы, што для яго вялікае задавальненне знаходзіцца ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што з’яўляецца першым прадстаўніком брытанскай каралеўскай сям’і, які наведвае Беларусь. Паводле яго слоў, гэты візіт асабліва звязаны са сферай бяспекі на дарогах. Прынц таксама згадзіўся з неабходнасцю развіваць і паляпшаць беларуска-брытанскія гандлёвыя адносіны.
Прынц Майкл Кенцкі з 1981 года займаецца бізнесам і дабрачыннасцю. Узначальвае ўласную кансалтынгавую кампанію, якая працуе ў розных краінах свету і аказвае шырокі спектр паслуг у сферах будаўніцтва, тэлекамунікацый, страхавання, фінансаў, турызму, медыцыны, авіяцыі і аўтамабілебудавання.
Фота president.gov.by і Белта