Лукашэнка разлічвае на павышэнне ўзроўню кантактаў з Францыяй
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і народ гэтай краіны з нацыянальным святам — Днём узяцця Бастыліі.
„Адзначаю канструктыўны характар узаемадзеяння паміж нашымі краінамі па ўсіх пытаннях двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва”, — гаворыцца ў віншаванні, якое цытуе прэс-служба беларускага кіраўніка.
Лукашэнка „спадзяецца на далейшае паглыбленне дыялогу і павышэнне ўзроўню кантактаў паміж Беларуссю і Францыяй, што будзе спрыяць росквіту і дабрабыту народаў абедзвюх краін, умацаванню стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне”.
Напярэдадні пасол Францыі ў Менску Дзідзье Канес паведаміў, што Беларусь запрошаная да ўдзелу ў першым Форуме міру ў Парыжы, які пройдзе 11—13 лістапада 2018 года і закліканы стаць адказам на рост напружанасці ў сучасным свеце. „Спадзяемся, што Беларусь прыме гэтае запрашэнне”, — сказаў пасол.
Паводле інфармацыі МЗС Францыі, у межах гэтага мерапрыемства, якое стане штогадовым, будуць прадстаўляцца праекты, канцэпцыі і ініцыятывы, якія забяспечваюць „канкрэтнае садзейнічанне лепшаму міжнароднаму супрацоўніцтву па асноўных глабальных пытаннях, развіццю больш справядлівай глабалізацыі і больш эфектыўнай шматбаковай сістэмы”. У працы форуму возьмуць удзел некалькі тысяч чалавек: кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, прадстаўнікі вядучых міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці. На мерапрыемстве будзе разгледжана 150 праектаў. БелаПАН