Лукашэнка разлічвае на поўную нармалізацыю адносінаў з ЕЗ



Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пазітыўная дынаміка ў дыялогу з ЕЗ, якая намецілася апошнім часам, прывядзе да поўнай нармалізацыі адносінаў. Пра гэта ён заявіў, прымаючы 5 кастрычніка даверчыя граматы паслоў шэрагу замежных дзяржаў.

„Мы павінны ўзняць іх на якасны новы ўзровень, які б адпавядаў інтарэсам абодвух бакоў”, – сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да дыпламатаў.Паводле яго слоў, Беларусь у сілу свайго геаграфічнага становішча і аб’ектыўных прычын надае адносінам з ЕЗ асаблівае значэнне. „Сітуацыя ў рэгіёне, агульныя выклікі і пагрозы патрабуюць цесных кантактаў і пошуку сумесных рашэнняў”, – сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Еўразвязам. На яго думку, перспектыўнымі могуць стаць сумесныя інфраструктурныя праекты ў сферы транспарту, энергетыкі, іншых сферах эканомікі, а таксама ў развіцці дагаворна-прававой базы.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Германіі Петэра Дэтмара, Лукашэнка выказаў надзею, што перыяд узаемнага непаразумення і недаверу ў Беларусі з Германіяй сыходзіць у мінулае. „Упэўнены, што агульная зацікаўленасць у захаванні бяспекі і стабільнасці ў еўрапейскім рэгіёне, плённыя кантакты ў розных сферах ствараюць добрыя перадумовы для пашырэння і паглыблення беларуска-германскіх сувязяў”, – сказаў Лукашэнка.

Германія, паводле яго слоў, уваходзіць у лік лідараў па аб’ёме знешняга гандлю з Беларуссю, яна была і застаецца адным з ключавых еўрапейскіх партнёраў краіны. „Таму далейшаму развіццю двухбаковага супрацоўніцтва на раўнапраўнай аснове мы надаем асаблівую ўвагу”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь таксама нацэленая нарошчваць эканамічныя і крэдытна-інвестыцыйныя кантакты з Аўстрыяй. Прымаючы даверчыя граматы пасла Аўстрыі ў Беларусі па сумяшчальніцтве Эрыка Брыкса, Лукашэнка звярнуў увагу на характэрныя для апошніх гадоў пазітыўныя тэндэнцыі ў беларуска-аўстрыйскіх адносінах.

Як зазначыў Лукашэнка, яго нядаўняя сустрэча з федэральным прэзідэнтам Аўстрыйскай Рэспублікі Хайнцам Фішэрам у Нью-Ёрку, а таксама ўзмацненне аўстрыйскай дыпламатычнай прысутнасці ў Мінску нададуць новы імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню.

belapan.com